Абвесцілі вынікі фестывалю «AD.NAK!»


Пераможцы другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «AD.NAK!» былі абвешчаныя на ўрачыстай цырымоніі 23 чэрвеня ў Менску.

Калі на першы фестываль падалі 105 працаў ад 59 удзельнікаў, то сёлета іх колькасць узрасла амаль утрая – 298 заявак ад больш як сотні ўдзельнікаў. Лідарам аказалася намінацыя «Дызайн & Art Direction» – 86 працаў. Пераможцы вызначаліся ў 11 намінацыях і шасці конкурсах.

Гран-пры сярод анімацыйных ролікаў атрымала стужка «Будзьма беларусамі!», прэзентаваная аднайменнаю грамадскаю кампаніяй, Юліяй Ляшкевіч, Юліяй Рудзіцкай, Лявонам Вольскім і Аляксандрам Памідоравым.

Гран-пры сярод календараў атрымала праца «Жытло» рэкламнага агенцтва «Folio-Art». А ў намінацыі «Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты» – праект «Манета ад Вiтаўта», у межах якога ААТ «Белзнешэканамбанк» набыў рэдкую срэбную манету часоў Вялікага князя Вітаўта.

У іранічнай намінацыі «Каша сувораўская» былі адзначаныя рэкламныя працы, якія ігнаруюць факты беларускай гісторыі або дэманструюць непрафесійны падыход да справы. Такімі сталі работы «Мая Радзіма», «Вкус Бульбаша» і «Шакаладная Хатынь».

Арганізатары фестывалю адзначаюць, што найбольш паспяхова творцы працуюць з беларускаю мовай у відэафармаце. А вось вартых PR-кампаніяў журы амаль не пабачыла. «З усіх прапанаваных працаў толькі адна адпавядала канцэпцыі фестывалю і была зробленая на пяць з плюсам», – заўважыў брэнд-майстар Ігар Корзун, маючы на ўвазе праект «Манета ад Вітаўта».

Частка працаў спачатку ўвогуле ствараліся па-расейску і потым перакладаліся, зазначыла чалец журы Вольга Ліпай. Але былі і іншыя – ад вытворцаў, якія «не спрабуюць нічога даказаць: яны беларусы, яны жывуць нейкімі каштоўнасцямі, прычым каштоўнасцямі, якія ляжаць за межамі звычайных дранікавых, бусліных, бібліятэчных крытэрыяў». Менавіта такія працы ў любой замежнай галерэі будуць успрымацца як беларускія, мяркуе Вольга Ліпай.

belsat.eu

Стужка навінаў