Змітра Дашкевіча этапавалі ў Горкі


Нягледзячы на тое, што ў аўторак, 21 чэрвеня, ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч прасіў перавесці сына ў калонію, бліжэйшую да дому.

Адпаведную заяву Вячаслаў Дашкевіч падаў у Дэпартамент выканання пакаранняў. Мужчына напісаў, што ён інвалід ІІ групы, мае пратэз нагі, і таму яму будзе цяжка ездзіць на спатканне з сынам за 400 км. «Адказ абяцалі даслаць цягам дзесяці дзён на хатні адрас бацькі. Аднак сёння, калі я разам з адвакатам Змітра прыехала ў Жодзінскае СІЗА, нам паведамілі, што ноччу яго этапавалі у калонію», – распавяла «Белсату» намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка.

Дзяўчына гаворыць, што прычыну тэрміновай адпраўкі Змітра Дашкевіча ў месца адбыцця пакарання ім не патлумачылі.

Лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча асудзілі паводле крымінальнага артыкулу за злоснае хуліганства на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. 17 чэрвеня Менскі гарадскі суд пасля разгляду касацыйнай скаргі пакінуў прысуд без зменаў. Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі палічылі працэс палітычна матываваным. Падтрымаць палітвязня можна па адрасе: 213410 Магілёўская вобл., г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, папраўчая калонія № 9, Дзмітрыю Вячаслававічу Дашкевічу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары