Дысбат ліквідуюць, вайскоўцаў будуць караць арыштамі


Дысцыплінарнай вайсковай часткі ў Беларусі больш не будзе – такое рашэнне прынялі сёння, 24 чэрвеня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

“Асноўная ідэя законапраекту – выключыць такі від пакарання для салдатаў тэрміновай вайсковай службы, як накіраванне ў дысцыплінарную вайсковую частку, замена яго арыштам ды іншымі альтэрнатыўнымі пакараннямі”, – паведаміў Ігнацій Місурагін, ініцыятар законапраекту, старшыня парламенцкай камісіі нацыянальнай бяспекі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін уважае гэта за добрую ініцыятыву: “Дысбат існуе яшчэ недзе з царскага часу – таму гэта, вядома, прагрэсіўны крок. Трэба асучасніць сістэму”.

Паводле яго, захаванне дысбату надта дорага каштуе і не адпавядае сусветным стандартам. “Нідзе ў свеце такога пакарання, як дысбат, няма”, – дадае Алесін.

“Сусветны досвед разнастайны, – распавядае ён. – У шэрагу краінаў ёсць адпаведныя турэмныя ўстановы. Таксама ёсць артыкулы, якія прадугледжваюць пакаранні за вайсковыя злачынствы. Часам ёсць адмысловыя суды, часам судзяць у агульнаграмадскіх – розныя практыкі”. У Расеі, як паведамляе Аляксандр Алесін, існуюць адмысловыя вайсковыя суддзі ды пракуроры.

Дысцыплінарная вайсковая частка – гэта адмысловая частка, дзе адбываюць пакаранне вайскоўцы, якія здзейснілі злачынствы падчас службы. Тэрмін службы ў дысбаце не залічваецца ў агульны час вайсковай службы. Гэта робіцца, каб вайскоўцы не ішлі пад суд, і пасля дысбату яны выходзяць з “чыстымі дакументамі”, паведамляе Алесін.

belsat.eu

Стужка навінаў