«Форд» выдае беларускамоўным бясплатнае паліва


Хочаце атрымаць бясплатна 35 літраў паліва? Кожны будзень ад 22 чэрвеня да 19 ліпеня на хвалях “Новага радыё” а 17.45 слухачам будуць задаваць пэўныя пытанні. Першы, хто правільна дашле СМС з правільным адказам на кароткі нумар, заліе бак свайго аўта коштам спонсараў.

“Мова – гэта спадчына, гэта багацце. Калі нацыя мае ўласную мову, грэх гэтага не выкарыстоўваць, грэх на ёй не размаўляць”, – кажа Сяргей Скляраў, адзін з арганізатараў акцыі “Добры Форд”, удзельнікі якой за веданне мовы могуць атрымаць аўтамабільнае паліва.

“Мы палічылі, што ніякія зніжкі, ніякія грашовыя прызы, ніякія харчы не будуць такія прывабныя, як уласна паліва”, – дадае ён.

Рынак такую ініцыятыву прыняў вельмі зычліва. Хоць спонсары – кампанія “Форд” – не першыя, хто ўжывае беларускую мову ў рэкламе, сярод аўтадылераў яны пакуль адзіныя.

Нягледзячы на тое, што праект беларускамоўны, кампанія “Форд” не гатовая цалкам перайсці на беларускую мову. Спадар Скляраў кажа: “Сам я расеец, але ўжо даўно жыву ў Беларусі, і так выглядае, што надышоў той момант, калі мне ўжо патрэбна вывучаць мову. Мне надта цяжка бывае з сынам, бо я нават не магу праверыць ягонага хатняга задання па беларускай мове. Давядзецца мне вывучаць мову, як і шмат якім маім працаўнікам”.

Ён адзначыў, што “Форд” будзе працаваць, найхутчэй, на дзвюх мовах – але ісці да гэтага кампанія будзе паступова.

Яшчэ адным арганізатарам акцыі выступіла “Новае радыё”, якое з вялікім энтузіязмам падтрымала ідэю.

Аляксандр Ажынскі, праграмны дырэктар, кажа: “У прынцыпе, у нас у праграме на беларускай мове нічога не было, нам стала вельмі цікава паспрабаваць, паэксперыментаваць – і выпусціць у эфір менавіта па-беларуску”.

belsat.eu

Стужка навінаў