Банцара затрымалі за тое, што хацеў паглядзець на Пачобута


Штрафам у памеры 60 базавых велічыняў пакаралі прэс-сакратара не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Ігара Банцара. Яго затрымалі каля 10-й раніцы 24 чэрвеня побач з будынкам суда Ленінскага раёну Горадні.

Ён хацеў падтрымаць свайго калегу, журналіста польскай “Gazety wyborczej” Андрэя Пачобута. Ігар Банцар хацеў зайсці з падворку, каб убачыць, як апошняга заводзяць у суд.

Прэс-сакратара СПБ паспрабаваў затрымаць чалавек у цывільным. Банцар забег за агроджу суседняга будынку, але чалавек у цывільным выклікаў пецярых міліцыянтаў, якія схапілі і павезлі Банцара ў Ленінскі РАУС.

У першы дзень працэсу над Андрэем Пачобутам, 14 чэвеня, прэс-сакратара СПБ затрымалі і прысудзілі 5 дзён арышту. Увесь гэты час ён трымаў галадоўку.

22 чэрвеня, калі Ігар Банцар разам з жонкаю Пачобута Аксанай ехаў у цэнтр Горадні, каб паўдзельнічаць у акцыі маўклівага пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, міліцыянты затрымалі ягоны аўтамабіль. Падстава – “спраўдзіць, ці не значыцца ён ва ўгоне”.

Учора, 23 чэрвеня, Аксане Пачобут выпадкова ўдалося пабачыць мужа, якога вялі з будынка суда ў машыну.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары