Суд над Пачобутам зноў перанеслі (Абноўлена)


Працяг судовага працэсу – 28 чэрвеня а 10-й гадзіне. Планаваныя сёння спрэчкі бакоў не адбыліся. Выступіў толькі пракурор, які папрасіў для журналіста 3 гады зняволення.

Сёння, 24 чэрвеня, у Горадні адбыўся працяг судовага працэсу над журналістам польскага выдання “Gazeta wyborcza”. Працэс закрыты. Жонку Андрэя Пачобута Аксану не пускаюць у залу суда. Учора ёй удалося пабачыць мужа, калі яго вялі да машыны.

«Так цудам склаліся абставіны, што мне ўдалося ўбачыць мужа. Ён мяне не бачыў, бо я яго не звала, не крычала. Я бачыла яго ў профіль. Мне дастаткова было, што я бачу, што з ім усё нармальна», – распавяла яна.

Пракурор папрасіў суд пакараць Андрэя Пачобута трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Журналіст абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і ч. 1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – 4 гады пазбаўлення волі, паводле другога – 2 гады.

Крымінальную справу на Пачобута завялі 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: “Пачобут А. С. <…> у перыяд 2010–2011 гг. размясціў у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі пад назваю “Час закручваць гайкі”, “Лукашэнка знайшоў чарговую цэль”, “У Беларусі выбары без выбару”, “Гаварыце мне “бацька”, “Гэтак кіруе Лукашэнка”, “Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары”, “Свабода па-беларуску . Пакаяўся – дык выйшаў?”, “Перадвыбарчы папулізм па-беларуску”, “Так палохае беларускі КДБ”, і адзін тэкст без загалоўка, які пачынаецца словамі “Дзякуй усім…” і заканчваецца словамі “…можаце выкарыстоўваць”, у якіх прысутнічаюць прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў