Зноў вінаватая апазіцыя?


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Берасцейскую вобласць.

«Можа, хтосьці і незадаволены, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. – У гэтым і сутнасць дэмакратычнага грамадства. Але гэтая незадаволенасць павінна вылівацца ў законным парадку. Ёсць месцы – ідзіце тупайце, цюгакайце, крычыце».

Паводле кіраўніка дзяржавы, некаторыя апазіцыйныя палітыкі выкарыстоўваюць несанкцыянаваныя акцыі, каб «прарвацца ва ўладу».

«Трэба мець на ўвазе, – адзначыў ён, – што за спінай у гэтых дзеячаў, яны ўжо свецяцца, ім мала было судоў і адной нагой у турме, яны яшчэ туды ходзяць і падбухторваюць гэтую моладзь, гэтых хлапчукоў. Яны чакаюць, каб сабраць крытычную масу, а потым гэтае гарматнае мяса наперадзе сябе пусціць і на іх спінах ускочыць ва ўладу».

«Мы гэта выдатна бачым і разумеем. Таму гэтага каня мы ім засядлаць не дадзім», – папярэдзіў Лукашэнка.

Учарашняя акцыя маўклівага пратэсту, як і папярэднія, што прайшлі 8 і 15 чэрвеня, была ініцыяваная групай актывістаў у сацыяльных сетках. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі больш за 460 асобаў. Большасць з іх адпусцілі без складання пратаколаў. Частка затрыманых у Менску правяла ноч пад вартай і сёння паўстала перад судом паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. Усіх іх пакаралі штрафамі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары