Школьнікаў правераць на наркотыкі


Праваахоўныя органы плануюць увесці хімічныя і псіхалагічныя тэсты.

Паводле старшыні ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі МУС Андрэя Гаўрылава, цяпер распрацоўваецца алгарытм, як будуць правяраць школьнікаў. «Задзейнічаныя спецыялісты з Міністэрства адукацыі ды Міністэрства аховы здароўя. Нашая задача агульнымі намаганнямі выявіць нарказалежнасць на ранніх этапах. Псіхалагічныя сумоўі, напрыклад, могуць дапамагчы вызначыць, ці існуе ў дзіцяці схільнасць да шкодных звычак. Усё гэта дапаможа праводзіць прафілактычныя дзеянні больш эфектыўна», – мяркуе чыноўнік.

Як патлумачыў нарколаг медцэнтру «Парацэльс» Расціслаў Кулевас, выявіць у арганізме чалавека псіхаактыўныя рэчывы, якія паходзяць з псіхатропных ці наркатычных сродкаў, на сёння вельмі проста: «Існуюць адмысловыя тэсты – папяровая палоска з нанесенымі на яе палоскамі рэактыву. Пры кантакце з біялагічнымі рэчывамі чалавека (слюна, мача) рэактывы рэагуюць на забароненыя рэчывы ўжо праз 2–3 хвіліны». Такія тэсты, дарэчы, свабодна прадаюцца ў любой аптэцы. А з 2009 г. вырабляюцца і ў Беларусі. Аднак адмысловец удакладняе: тэст не дае 100 % гарантыі, што пацыент ужывае наркотыкі. «Аднак гэта сігнал, каб праверыць чалавека больш дэталёва. Напрыклад, праз аналізы крыві», – адзначыў Расціслаў Кулевас.

На меркаванне псіхолага Алены Жук, такое правяранне сярод школьнікаў належыць праводзіць вельмі асцярожна: канфідэнцыйна і ненавязліва. «Вельмі важна пазбегчы такога метаду, як публічнае тэставанне, публічнае агучванне вынікаў. На жаль, прышчэпкі цяпер так і робяць у школе. А пасля дзяцей «пад падазрэннем» на вачах у аднакласнікаў выклікаюць дадаткова ў дыспансер. Гэта негатыўна ўплывае на адаптацыю ў калектыве. Да таго ж, пра ўсе даследаванні трэба абавязкова загадзя папярэджваць бацькоў, пытаць у іх дазволу. У выпадку з прышчэпкамі, напрыклад, бацькі часта даведваюцца пра гэта ўжо па факце вакцынацыі свайго дзіцяці», – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў