Затрымалі намесніцу старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў


Рэнату Дзем’янчук затрымалі перад будынкам суда, дзе ідзе закрыты працэс над журналістам Андрэем Пачобутам.

«Рэнату трымаюць у пастарунку ўжо больш за тры гадзіны. Зараз павінен падыйсці адвакат, каб высветліць усе акалічнасці справы», – паведаміла «Белсату» старшыня не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анджэліка Арэхва. Яна гаворыць, што, паводле іхнай інфармацыі, Рэнату Дзем’янчук вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Згодна з арт. 23.34 КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі», Рэнаце Дзем’янчук пагражае штраф памерам да 30 баз. вел. ці адміністратыўны арышт працягласцю да 15 дзён, патлумачыў «Белсату» адвакат Андрэя Пачобута Уладзімір Кісялевіч.

Адвакат таксама распавёў акалічнасці сённяшняга дня судовага працэсу над карэспандэнтам выдання «Gazeta Wyborcza» Андрэем Пачобутам. Ён паведаміў, што суд заслухаў экспертаў з боку дзяржавы: кіраўніка ідэалагічнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму Паўла Скрабко, кіраўніка прэс-цэнтру аблвыканкаму Віктара Жалезніковіча і прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксея Нікіцевіча. Суддзя Віталь Ляцко адхіліў хадайніцтвы адвакатаў выклікаць у суд у якасці сведак старшыню ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанну Літвіну, палітыкаў Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Андрэя Саннікава, праваабаронцу Алеся Бяляцкага ды іншых, агулам – 10 чалавек.

«Каментаваць дзеянні суда я не буду, зазначу толькі, што ён мае на гэта поўнае права», – гаворыць адвакат Уладзімір Кісялевіч. Паводле яго, Андрэй Пачобут заявіў суду, што адхіленне хадайніцтваў абароны лічыць незаконным, бо яны парушаюць правы чалавека, а сам працэс ён лічыць палітычным пераследам.

Судовы працэс над Андрэем Пачобутам працягнецца 24 чэрвеня а 10:00.

belsat.eu

Стужка навінаў