Рэха тэракту: звольнілі міліцыянтаў і працаўнікоў метро


Пад гарачую руку трапіў нават кантралёр.

Уначы 29 траўня на станцыю метро “Маскоўская” (яна ахоўвалася) без перашкодаў увайшлі маладзёны і знялі пра гэта відэаролік, які выклалі ў інтэрнэце.

Кіраўніцтва “Менсктрансу” і ГУУС Менгарвыканкаму пастанавілі звольніць працаўнікоў пасля разгляду акту пракурорскага нагляду паводле вынікаў праверкі, якую правялі з нагоды гэтага факту.

Старшыня ўпраўлення аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Пётр Кісялёў адзначыў: “Падчас праверкі была выяўленая нядбайнасць і бяздзейнасць асобных працаўнікоў міліцыі ды метрапалітэну. Дзверы ў метро былі адчыненыя, дзяжурны станцыі заставаўся ў іншым крыле і чамусьці не чуў, што на пероне з’явіліся людзі, якія гучна размаўлялі. У сувязі з гэтым Генеральная пракуратура рэкамендавала вынесці строгае дысцыплінарнае пакаранне гэтым працаўнікам”.

Як вынік, кіраўніцтва “Менсктрансу” звольніла старшыню станцыі метро “Інстытут культуры”, а таксама дзяжурнага, кантралёра і брыгадзіра дыстанцыяў шляхоў і тунэльных збудаванняў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі яшчэ 12 працаўнікоў метрапалітэну, сярод іх тры кіраўнікі службаў прадпрыемства.

Як паведаміла крыніца з прадпрыемства, адразу пасля інцыдэнту і з’яўлення роліка ў інтэрнэце сабралі тэрміновую нараду, на якой усе працаўнікі паўторна прайшлі інструктаж. “Сказалі строга: хтосьці адзін парушае правілы – звальняем увесь склад. Гэтак і атрымалася – бо на “Маскоўскай” ад працы адхілі нават кантралёра, хоць ён і не мусіць а трэцяй гадзіны ночы сядзець на станцыі”.

Жанчына дадае, што пасля таго здарэння перагледзелі рэжым працы ў метро ў начны час. “Распрацавалі новую інструкцыю, дзе і калі мусіць быць працаўнік метро, як яму паведамляць пра небяспеку міліцыянту. На дзверы павесілі дадатковыя блокі. І ахова цяпер вядзецца ўдзень і ўначы”.

У міліцыі таксама адбыліся звальненні. Ад працы адхілілі старшыню аддзелу ўнутраных справаў для аховы Менскага метрапалітэну і міліцыянта роты патрульна-паставой службы міліцыі, які ў той дзень мусіў спыніць групу людзей і не пускаць іх у начное метро.

Уначы 29 траўня некалькі маладых людзей заўважылі, што дзверы на ўваходзе станцыі метро “Маскоўская” былі не замкнёныя. Яны зайшлі на станцыю, знялі ўсё на відэа, а потым выклалі ролік у інтэрнэт. Гэты факт стаў вядомы шырокай грамадскасці ды абмяркоўваўся 31 траўня на нарадзе ў прэзідэнта пра ход расследавання абставінаў выбуху 11 красавіка. У той жа дзень начальнік сталічнага метрапалітэну Мікалай Андрэеў быў звольнены за грубае парушэнне працоўных абавязкаў.

11 красавіка ў менскім метро прагрымеў выбух, у выніку якога загінулі 15 чалавек. Паводле афіцыйнай версіі, выканаўцаў тэракту знайшлі ды змясцілі пад варту.

belsat.eu
https://youtu.be/O9DGzq-0I20

Глядзі таксама
Каментары