Фота з затрыманнем шведскага дыпламата абляцела ўвесь свет


Швецыя рашуча асуджае ўжыванне сілы супраць мірных удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту 22 чэрвеня ў Менску. Пра гэта заявіла кіраўнік аддзелу прэсы, інфармацыі ды камунікацыяў МЗС Швецыі Сэсілія Юлін.

Паводле спадарыні Юлін, гвалт у дачыненні шведскага дыпламата – абсалютна непрымальны і толькі пацвярджае непавагу палитычнага рэжыму ў Беларусі да фундаментальных дэмакратычных правоў і свабодаў.

22 чэрвеня падчас акцыі маўклівай салідарнасці ў цэнтры Менску працаўнікі праваахоўных органаў спрабавалі затрымаць другога сакратара амбасады Швецыі ў Беларусі Дэвіда Эмтэстама. Паводле звестак, апублікаваных на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”, пры затрыманні працаўніка шведскай амбасады Дэвіда Эмтэстама ўжывалася фізічная сіла. Згодна з іншаю інфармацыяй, міліцыя паспрабавала затрымаць дыпламата, аднак калі ён прад’явіў дакументы, інцыдэнт быў вычарпаны. Пра здарэнне паведаміла шведская газета “Aftonbladet”. Фота, на якім зафіксаваная спроба затрымаць дыпламата, ужо абляцела ўвесь свет.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі заявілі, што пакуль не маюць інфармацыі пра інцыдэнт з затрыманнем шведскага дыпламата. У амбасадзе Швецыі ў Беларусі гэтага факту не каментуюць.

Гэтымі днямі, пакуль шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан застаецца ў адпачынку, Дэвід Эмтэстам фактычна кіруе амбасадаю Швецыі ў Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў