Судзяць удзельнікаў маўклівага пратэсту (+ Відэа затрыманняў). Абнаўляецца


Удзельнікам акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” даюць штрафы. Усяго, паводле папярэдніх звестак праваабаронцаў, 23 чэрвеня будуць судзіць каля 20 чалавек. Іх вінавацяць у дробных хуліганстве.

Усіх затрымалі ўвечары 22 чэрвені, яны правялі ноч у ізалятары на вул. Акрэсціна ў Менску.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, працэсы ідуць у судах Ленінскага, Цэнтральнага, Савецкага і Партызанскага раёнаў сталіцы.

У суд Савецкага раёну прывезлі восем чалавек. Як паведаміў Кірыл Сакалоўскі, які выйшаў з суду, яго пакаралі штрафам у дзве базавыя велічыні (70 тыс. руб.). Паводле яго, некаторыя атрымалі ўтрафы ў 20 базавых велічыняў (700 тыс. руб.).

Паводле праваабаронцаў, у суд Цэнтральнага раёну даставілі пяць чалавек. Аднаго з іх, Аляксандра Кулбуна, аштрафавалі на 20 базавых велічыняў.

У судзе Партызанскага раёну разгледзелі справы чатырох затрыманых. Яны таксама атрымалі штрафы: Сяргей Канаплянік і Дзмітрый Бялых – па 20 базавых велічыняў, Максім Рагавы – 25 базавых велічыняў, Дзмітрый Казак – 28 базавых велічыняў.

У судзе Ленінскага раёна будуць судзіць Максіма Чарняўскага, Андрэя Дварэцкага і яшчэ аднаго ўдзельніка, прозвішча якога невядомае.

Праваабаронцы паведамляюць, што аднаго з затрыманых, Усевалада Яцкага, перасадзілі ў аўтамабіль ВАЗ белага колеру і павезлі ў невядомым напрамку. Мяркуецца, што на допыт у КДБ.

Учора, 22 чэрвеня, па ўсёй Беларусі пракацілася хваля маўклівых пратэстаў. Удзельнікі акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” збіраліся ў цэнтрах гарадоў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” кажа пра 460 затрыманых. Большасць з іх адпусцілі без складання пратаколаў.

Маўклівы пратэст 22 чэрвеня, як і папярэднія акцыі 8 і 15 чэрвеня, быў ініцыяваны групаю актывістаў сацыяльных сетак. Тысячы людзей ва ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны. У Менску, згодна з рознымі ацэнкамі, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысячаў чалавек. Акцыі мірнага маўклівага пратэсту адбыліся не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і малых гарадах – такіх, як Нясвіж, Старыя Дарогі, Быхаў, Глыбокае ды іншых.

Затрыманні зафіксаваныя ў Барысаве, Маладзечне, Вілейцы, Віцебску, Жодзіне, Слуцку, Берасці, Горадні, Мазыры, Ваўкавыску, Салігорску, Калінкавічах.

Спісы затрыманых па ўсёй Беларусі можна паглядзець на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

14 чэрвеня Генпракуратура заклікала грамадзянаў “не паддавацца на правакацыйныя заклікі ды ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях”, папярэдзіўшы пра адказнасць. Аналагічнае папярэджанне з’явілася на сайце ГУУС Менгарвыканкаму раніцаю 22 чэрвеня.

Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня заявіў, што не дапусціць несанкцыянаваных акцыяў у цэнтры Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў