Болей за 5 млн еўраў атрымае Беларусь ад Еўразвязу на ахову прыроды


Грошы пойдуць на распрацоўванне заканадаўства.

Новы праект у галіне аховы навакольнага асяроддзя разлічаны на тры гады, паведаміў агенцтву “Інтэрфакс-Захад” прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук. За гэты час беларускі бок мае распрацаваць нарматыўную базу ў сферы кіравання воднымі рэсурсамі ды цвёрдымі бытавымі адкідамі (ЦБА), а таксама захавання біяразнастайнасці.

Паводле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Цалко, праект “дазволіць зблізіць заканадаўства Беларусі і Еўразвязу ў гэтай сферы”.

Антоніус Брук адзначыў, што праект створыць умовы для будучых інвестыцыяў Еўразвязу ў аналагічныя праекты ў Беларусі. Каб паспрыяць гэтаму, урадавыя і няўрадавыя арганізацыі мусяць распаўсюджваць больш інфармацыі на экалагічныя тэмы. Гэта другая задача, якую мае рэалізаваць праект.

Часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль адзначыў, што нашай краіне найперш трэба павысіць узровень сельскай гаспадаркі і перапрацоўвання ЦБА. Як паведаміў Уладзімір Цалко, плануецца пабудова двух заводаў для перапрацоўвання цвёрдых бытавых адкідаў, хоць не ўвесь жылы фонд гатовы да раздзельнага збору.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары