Эстонскі дыпламат Гэры Лахтэйн: абвінавачанні ў сексуальных дамаганнях сфабрыкавала КДБ Беларусі


Паводле Лахтэйна, за сэкс-скандалам, удзельнікам якога ён стаў у жніўні, стаіць КДБ Беларусі, а большая частка фотаздымкаў, дзе ён з дзяўчынамі, апрацаваная ў графічным рэдактары. Пра гэта былы часовы павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі заявіў у эфіры эстонскага тэлебачання. У КДБ Беларусі не каментуюць выказванняў эстонскага дыпламата.

“Для мяне карціна зразумелая, у чыіх інтарэсах і хто гэта зрабіў, у мяне сумневаў наконт гэтага няма”, – сказаў Лахтэйн. Паводле дыпламата, пасля таго як ён вярнуўся з адпачынку ў Беларусь, некаторыя яго знаёмыя паведамілі яму, што зазналі прэсінг з боку мясцовага КДБ. “Іх выклікалі ў мясцовае КДБ, дапыталі і настойліва рэкамендавалі супрацоўнічаць”, – распавёў Лахтэйн.

Паводле дыпламата, “беларускае КДБ, якое цесна супрацоўнічае з расейскімі разведвальнымі арганізацыямі, спрабавала паднесці такія “падарункі” ўсім амбасадарам ЕЗ”. “Так, гэта стала для мяне непрыемным сюрпрызам, але цяпер усё ў мінулым”, – падсумаваў Лахтэйн і выказаў шкадаванне найперш у звязку з тым, што ў выніку здарэння пацярпела ягоная сям’я.

Нагадаем, 24 жніўня часовы павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі Гэры Лахтэйн напісаў заяву аб адстаўцы. Прычынаю стаў ананімны ліст 20-гадовай жыхаркі Менску. Яна сцвярджала, што пазнаёмілася з Лахтэйнам прыкладна год таму і стала ахвярай ягоных сексуальных дамаганняў. На знак падзякі Лахтэйн нібыта зрабіў аўтарцы ліста і ейным сяброўкам шэнгенскія візы.

МЗС Эстоніі правяло ўнутранае расследаванне ў дачыненні Гэры Лахтэйна. Правяранне не выявіла доказаў незаконнай выдачы Лахтэйнам шэнгенскіх візаў беларусам. “Міністэрства замежных справаў не знайшло пацвярджэння заявам пра незаконную выдачу візаў. Распаўсюджвальніка ананімнай інфармацыі міністэрства вызначыць не ў стане”, – заявіла прэс-сакратарка МЗС Эстоніі Керсці Луха.

belsat.eu
03.09.2010
Фота elu24.ee

Стужка навінаў