35 000 венесуэльцаў адправіліся ў Калумбію за ежай і лекамі


Натоўп людзей рынуўся за таварамі першай неабходнасці пасля таго, як Багата часова адкрыла мяжу, паведамляе «The Guardian».

Мяжу часова адкрылі 16 ліпеня. За содні праз кантрольна-прапускныя пункты прайшло больш за 35 000 асобаў. Людзі накіроўваліся ў памежныя гарады за ежай, лекамі ды іншымі таварамі.

У жніўні 2015 года прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура загадаў зачыніць больш за дзве тысячы кіламетраў памежнай тэрыторыі. Ён абгрунтаваў гэта неабходнасцю спыніць кантрабанду бензіну. Раней венесуэльска-калумбійскую мяжу штодня перасякалі больш за 100 000 чалавек.

На мінулым тыдні Мадура дазволіў адкрыць мяжу на некалькі гадзінаў. Пасля чаго ўлады Калумбіі паведамілі пра гатовасць пашырыць гуманітарны калідор для грамадзянаў, якія адпраўляюцца ў краіну за пакупкамі.

Венесуэла цягам некалькіх гадоў перажывае цяжкі эканамічны і фінансавы крызіс. Сітуацыя абвастрылася ў апошнія два гады праз падзенне коштаў на нафту – асноўны экспартны тавар. У краіне доўгі час захоўваецца дэфіцыт харчавання, медыкаментаў ды іншых тавараў першай неабходнасці.

Нікаляс Мадура абвінавачвае ў недахопе харчавання сваіх палітычных апанентаў. Паводле Мадуры, гуманітарны калапс у краіне здарыўся менавіта праз іх спробы зладзіць палітычны і эканамічны крызісы, каб скінуць яго з пасады прэзідэнта. Крытыкі кіраўніка Венесуэлы кажуць пра памылковасць сацыялістычнага курсу прэзідэнта.

ЮВ, belsat.eu, паводле theguardian.com

Стужка навінаў