Збіты журналіст “Белсату”, яму наклалі 3 швы


Сяргей Карпенка, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, прыехаў увечары 22 чэрвеня ў цэнтр Ліды, каб пагуляць і з’есці з жонкаю лёды.

На плошчы праходзіла афіцыйнае мерапрыемства, прысвечанае пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Побач спрабавалі сабрацца таксама ўдзельнікі акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”. Ім перашкаджалі міліцыянты. Паводле Сяргея Карпенкі, за некалькі гадзінаў у акцыі спрабавалі паўдзельнічаць ад 100 да 150 чалавек.

“Мы пасядзелі, паслухалі, паглядзелі – нікога не чапаюць. Вырашылі прагуляцца і сустрэлі майго сябра, пачалі размаўляць па-беларуску. Тут да нас падыйшоў міліцыянт”. Сяргей хацеў аддаць жонцы барсетку, у якой былі ключы ад хаты і аўтамабіля, але міліцыянты загадалі паказаць, што ўнутры. Яны шукалі схаваныя запісваючыя прыстасаванні. Калі журналіст адмовіўся, на яго начапілі наручнікі і пацягнулі да міліцэйскай машыны. Іншых затрыманых (меней за дзясятак чалавек) павялі ў аўтобус.

Ужо побач з машынаю Сяргея пачалі збіваць два міліцыянты. “Ударылі па нырках, разбілі галаву, пацякла кроў”, – узгадвае пацярпелы. “Хуткую” выклікалі толькі ў міліцэйскім пастарунку, куды яго прывезлі. У барсетцы міліцыянты нічога падазронага не знайшлі. Ніякіх папераў Сяргей не падпісваў. Дактары сказалі, што трэба накласці швы. Да бліжэйшай медыцынскай установы пацярпеламу давялося ісці пешкі.

Як дадае Сяргей Карпенка, яму вельмі крыўдна, што яго збілі ў дзень, калі пачалася вайна, паколькі дзед ягонай жонкі кіраваў партызанскім атрадам, а бацька Сяргея таксама ваяваў, толькі ў Афганістане.

belsat.eu

Стужка навінаў