Палічаць гаспадарку на беларускіх падворках


З 1 ліпеня пачнецца выбарачны аналіз таго, што сабралі са сваіх гародаў вяскоўцы.

Мэта даследавання – атрымаць якасную інфармацыю пра аб’ёмы сельгаспрадукцыі на прыватных падворках. Гэты аналіз падобны да штоквартальнага маніторынгу хатніх гаспадарак паводле ўзроўню жыцця грамадзянаў, які ладзіцца ўжо шмат гадоў. Як патлумачыла начальніца галоўнага кіраўніцтва статыстыкі сельскай, лясной гаспадаркі і навакольнага асяроддзя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Паляшчук, удзел у даследаванні для сялянаў будзе добраахвотны. “Нікога мы прымушаць не будзем, – кажа чыноўніца. – Нам ужо пачалі тэлефанаваць з вёсак пенсіянеры ды пераймацца, што іх гаспадарку палічаць, і дзяржава пачне нешта забіраць. Гэта глупства! Мы праводзім аналіз для таго, каб ведаць, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца зямля, якія культуры найбольш спрыяльныя для нашай аграрнай сферы. Больш за тое, уся сабраная інфармацыя будзе канфідэнцыйнаю. І рэспандэнтам, якія пагодзяцца адказаць на пытанні нашай анкеты, мы дамо грашовае ўзнагароджанне”.

На меркаванне фермера Міхаіла Талая, калі даследаванне правядуць сумленна, яно дапаможа сфармаваць своеасаблівую мапу прыватнай вытворчасці ў вёсках. “Сёння сяляне, выкарыстоўваючы толькі 11 % земляў, вырабляюць каля 30 % сукупнай прадукцыі сельскай гаспадаркі краіны. Да таго ж, у гэтых гаспадарках вырошчваюцца найбольш працаёмкія культуры – бульба, морква, буракі, іншая гародніна – каля 80 %, плады і ягады – больш за 90 %”. Паводле фермера, працу вяскоўцаў у дзяржаве недаацэньваюць. “Калі б закупачныя цэны, напрыклад, на яблыкі ці бульбу былі б вышэйшыя, сяляне больш актыўна ўзяліся б за працу. А цяпер яны калі і здаюць сваю прадукцыю, то найбольш расейскім скупнікам, бо прыбытак на 30–50 % большы”.

У зоне даследавання акажуцца 3600 падсобных гаспадарак з 80 раёнаў Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары