Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку, частка трэцяя (он-лайн)


Паводле праваабарончага цэнтру вясна па стане на 22:30 падаецца лічба ў 450 затрыманых па краіне.

Bа ўладаў не атрымалася запужаць людзей пагрозамі ды прафілактычнымі размовамі. Затое спалохаўся Анатоль Куляшоў, які, відавочна, занадта літаральна зразумеў словы Аляксандра Лукашэнкі, што паабяцаў пазбавіць яго пагонаў у выпадку паўтору акцыі 15 чэрвеня. Разгон акцыі ў Менску быў вельмі брутальны – да гэтае пары невядомая дакладная лічба затрыманых, сярод якіх журналіст “Белсату” Алесь Баразенка.

Няможна яшчэ акрэсліць і колькасці сённяшніх удзельнікаў. Вядома, што ў Менску іх было некалькі тысячаў. Па ўсёй Беларусі, як мінімум у 50 паселішчах, адбыліся акцыі маўклівага пратэсту. Практычна паўсюль павялічылася колькасць удзельнікаў. “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” дайшла да такіх мястэчак, як Бярозаўка, Быхаў, Старыя Дарогі, Глыбокае, Ганцавічы, Слуцак, Лагойск і іншыя. У акцыі узяў удзел таксама кожны абласны цэнтр.

Першыя звесткі з рэгіёнаў::

Гомель – каля 600 чалавек.
Берасце – 500 чалавек.
Горадня – 1500 чалавек, больш за 15 затрыманых.
Віцебск – больш за 200 чалавек, 4 затрыманыя.
Магілёў – 300 чалавек.
Баранавічы – прыкладна 200 чалавек.
Пінск – прыкладна 150 чалавек.
Бабруйск – 150 удзельнікаў
Маладзечна – 120 чалавек, ёсць затрыманыя.
Полацак – прыкладна 80 чалавек
Жодзіна – прыкладна 70 удзельнікаў, 5 затрыманых.
Наваполацк – прыкладна 100 чалавек.
Жлобін – прыкладна 70 чалавек, 1 затрыманы.
Кобрынь – 60 чалавек.
Барысаў – 60 удзельнікаў, 45 затрыманых.
Светлагорск – прыкладна 50 чалавек.
Мазыр – 50 чалавек, 20–30 затрыманых.
Слуцк – 40 удзельнікаў, 25 затрыманых.
Ворша – каля 40 чалавек.
Бярозаўка – 30 удзельнікаў, 7 затрыманых.
Лагойск – прыкладна 20 чалавек.

20:35

Станцыі метро Кастрычніцкая і Купалаўская адчыненыя

20:17

Нягледзячы на тое, што большую частку ўдзельнікаў ужо разагналі ці затрымалі, людзі ўсцяж збіраюцца ў групы па праспекце Незалежнасці ды на Нямізе. Увесь час кагосьці затрымліваюць.

20:04

Каля Цэнтру моды на Нямізе сабраліся некалькі сотняў чалавек. Да іх пад’ехалі два аўтобусы і аўтазакі. Літаральна за некалькі хвілінаў адбыўся брутальны разгон удзельнікаў акцыі, параўнальны з 19 снежня. Людзей хапалі за валасы, за шыю, цягнулі па асфальце і проста збівалі. Людзі крычалі “фашысты!”, аўтамабілі, што ехалі міма, відавочна на знак пратэсту сігналілі, ДАІ штрафуе такіх кіроўцаў.

20:00

Затрыманні не спыняюцца. Спецназ закінуў у аўтазак журналіста “Нашай Нівы”, міліцыянты загружаюць чарговыя аўтазакі. Аднак групы ўдзельнікаў акцыі з’яўляюцца ў іншых месцах. Каля ГУМу некалькі сотняў чалавек, калона ідзе ў бок плошчы Незалежнасці.

19:52

Патэлефанавалі з аднаго з аўтазакаў. У ім 30 чалавек, сярод якіх карэспандэнт “Белсату” Алесь Баразенка і карэспандэнт інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Сяргей Балай. У натоўпе шмат правакатараў ад спецслужбаў. Адзін з іх спрабаваў распачаць бойку, але хлопцы супакоілі яго і перадалі міліцыі.

19:42

Праспект Незалежнасці фактычна зачышчаны. Міліцыянты перамаўляюцца, кажуць, што затрымалі каля 150 чалавек.

19:34

Насупраць французскай амбасады стаяць два аўтазакі, ужо амаль запоўненыя затрыманымі. На іхнае месца едуць чарговыя, людзей усцяж адціскаюць у бок Нямігі. Удзельнікі акцыі паводзяць сябе вельмі спакойна і карэктна, толькі час ад часу чуваць апладысменты, якія падтрымліваюць аўтамабільныя гудкі. Нягледзячы на гэта спецназаўцы без прычыны перыядычна вырываюць па адным ўдзельніку акцыі з натоўпу і кідаюць у аўтобусы ці аўтазакі.

19:30

Затрыманы аператар “БелаПАНу” Павел Падабед. Цяпер журналіст – у аўтобусе.

19:28

Каля гатэлю “Европа” каля паўтары тысячы ўдзельнікаў акцыі. Насупраць іх шыхтуецца сотня спецназаўцаў.

19:23

Шмат каго з удзельнікаў акцыі затрымалі ды пасадзілі ў аўтобусы каля “McDonald’s’у”. Цяпер большую частку натоўпу адціскаюць вуліцаю Энгельса ў бок Нямігі. У рацыях амапаўцаў чуваць загады “рассякаць натоўп, актыўных вырываць”.

19:15

Спецназ намагаўся затрымаць Таццяну Мельнічук – карэспандэнтку BBC, якая здымала падзеі на камеру. Журналістка прыгразіла праваахоўнікам “міжнародным скандалам”, тыя адступілі.

19:12

Увесь праспект Незалежнасці перакрыты. Міліцыянты намагаюцца адціскаць натоўп у бок страўні “McDonald’s”. Людзей на праспекце некалькі тысячаў, аднак немагчыма адрозніць удзельнікаў акцыі ад звычайных мінакоў.

19:08

Спецназ разбіў натоўп на дзве часткі. Да “Макдоналдсу” пад’ехалі аўтазакі са спецназаўцамі”. Тым часам людзі сабраліся ужо на супрацьлеглым баку вуліцы.

19:03

Людзей более. Удзельнікі акцыі занялі ўвесь ходнік ад страўні “McDonald’s” да выхаду ў метро. Спецназаўцы шыхтуюцца і рыхтуюцца адціскаць людзей.

19:02

Затрыманы журналіст “Інтэрфаксу” Руслан Рындзевіч. Спадар Ластоўскі не каментуе затрыманняў журналістаў, адказваючы, што пра гэтыя факты даведаўся толькі ад прадстаўнікоў СМІ.

18:58

Сярэдняя частка праспекту Незалежнасці перакрытая. Транспарт ідзе толькі па скрайніх палосах. На плошчы Перамогі стаяць пустыя зялёныя аўтобусы з надпісам “заказной”, побач з імі машына ДАІ. Відавочна, праспект перакрылі для іх.

18:48

Цягнікі не спыняюцца на станцыі “Кастрычніцкай”, пра што абвяшчаецца ў вагонах метро.

18:41

Паводле кіраўніка прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага, прысутнасць журналістаў правакуе і падштурхоўвае народ. Такім чынам, месца прадстаўнікоў медыяў – у арцы на вуліцы Энгельса.

18:40

Першыя затрыманні. АМАПаўцы збілі і пацягнулі ў бок аўтазакаў карэспандэнта радыё “Свабода” Алега Груздзіловіча.

18:34

На Кастрычніцкай плошчы ўжо пачалося “рэжымнае мерапрыемства”, таму праход туды забаронены. Аднак ніякіх прыкметаў “мерапрыемства” нябачна – толькі людзі ў чорнай форме.

18:00

У бок плошчы Незалежнасці прапускаюць толькі грамадскі транспарт.

17:30

Плошча Кастрычніцкая ўжо абгароджаная турнікетамі, там прагульваюцца людзі ў чорнай форме.

belsat.eu

https://youtu.be/player_embedded&v
https://youtu.be/MsN0Ckio074

Глядзі таксама
Каментары