КДБ распавядае пра “ШОС” у каледжах


Удзельнікаў маўклівых акцыяў запрашаюць на прафілактычныя размовы. Іх бацькам адміністрацыя навучальных установаў таксама дасылае запрашэнні на сустрэчы.

У Ваўкавыскім педагагічным каледжы размову з навучэнцамі праводзілі дырэктар Леанід Дашкевіч, яго намеснік Віктар Курыловіч, а таксама супрацоўнік КДБ, які адмовіўся назваць сваё імя і пасаду студэнтам.

Падчас размовы супрацоўнік КДБ распавёў, наколькі небяспечнымі з’яўляюцца сацыяльныя сеткі і нядаўна створаныя ў іх суполкі, якія збіраюць тысячы людзей, а іменна “ШОС”, “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, “Надакучыў нам гэты Лукашэнка”. Усе яны зарэгістраваныя ў папулярнай сярод беларусаў сетцы “Вконтакте”.

“Гэты чалавек сказаў, што калі мы будзем выходзіць на плошчу Ваўкавыска, паддавацца на заклікі ў інтэрнэце, нас адлічаць і могуць нават пасадзіць у турму, – распавядае навучэнец Сяргей М. – Калі мы пачалі абурацца, што нам не дазваляюць выйсці ў горад, сустрэцца з сябрамі, супрацоўнік КДБ, пачаў агрэсіўна рэагаваць. Маўляў, няма чаго сустракацца, сядзіце дома, плошча Леніна не месца для сустрэчаў. Хоць раней менавіта там збіралася большасць людзей. Там і на вяселлях фатаграфуюцца, і з дзецьмі гуляюць”…

Дырэктар педагагічнага каледжа заклікаў студэнтаў прыслухацца да парадаў супрацоўніка КДБ. І паабяцаў яму, што ідэалагічная праца будзе праводзіцца належным чынам. У выніку ўжо на наступны дзень пачалі выклікаць бацькоў студэнтаў.

Леанід Дашкевіч адмовіўся каментаваць “Белсату”, пра што ён размаўляе з бацькамі сваіх студэнтаў. “Гэта нашыя справы! Мы будзем самі разбірацца, каго і куды нам выклікаць. Мы праводзім прафілактычную працу!”.

На пытанне – у сувязі з чым праводзіцца такая праца, дырэктар адказаў: “У сувязі з “тым”, з “тым!” і кінуў трубку. Адзначым, што ў лістах, адпраўленых бацькам пазначана, што размова будзе весціся з нагоды ўдзелу іх дзіцяці ў мерапрыемствах 15 чэрвеня. У той дзень у Ваўкавыску людзі выйшлі на плошчу Леніна на маўклівую акцыю.

Сёння у Інтэрнэт быў выкладзены запіс такой прафілактычнай размовы аднаго з студэнтаў – удзельнікаў групы “Вконтакте” “рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” з працаўніком КДБ і адказнымі за выхаваўчую працу ВНУ. Чэкіст намагаецца запужаць хлопца, пагражаючы вялікімі клопатамі не звяртаючы ўвагу на аргументы аб свабодзе слова і меркаванняў.

belsat.eu

Стужка навінаў