Міліцыя праз «Twitter»: Перад Плошчаю – не піць і ўзяць пашпарт


Праз афіцыйны рахунак у “Twitter” распаўсюдзілі 11 парадаў удзельнікам акцыяў салідарнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”. ГУУС Менгарвыканкаму ў “LiveJournal” тлумачыць, што гэта “практычны дапаможнік” прэс-сакратара, а не афіцыйная пазіцыя ГУУС.

ГУУС піша, што маўклівыя акцыі, матываваныя “дзіцячым свавольствам”, пераўтвараюцца ў “парушэнне беларускага заканадаўства”. “З прававога гледзішча вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў “сацыяльных ревалюцыяў” – цалкам рэальнае, наўпроставае парушэнне беларускага заканадаўства. Арганізатары заклікаюць маўчаць ці мычаць, тупаць ці пляскаць у далоні – для заканадаўства важны найперш факт арганізацыі такіх акцыяў”, – упэўненыя ў праваахоўных органах.

Таму менавіта праз “Twitter” былі распаўсюджаныя парады “тым, хто паддаўся на заклікі браць удзел у незаконных акцыях”. ГУУС раіць “абавязкова папярэдзіць сваякоў, куды вы ідзяце, каб яны ведалі, дзе вас шукаць, калі вы трапіце ў міліцыю, узяць з сабою пашпарт – для паскарэння разгляду ў РУУС пры затрыманні”.

“Алкагольнае ап’яненне абцяжарвае віну, таму “ні-ні” перад “плошчаю”, – падае словы прадстаўнікоў праваабарончых органаў Інтэрфакс. Таксама не раяць браць з сабою незарэгістраванай сімволікі, колюча-рэжучых прадметаў, вялікіх заплечнікаў.

“Не чапляйцеся з роспытамі да працаўнікоў міліцыі ды не замінайце ім – яны падчас выканання, закон за гэта сурова карае”, – падкрэсліваюць у ГУУС. Акрамя гэтага, яны просяць улічыць, што здыманне на мабільныя тэлефоны можа стаць прычынаю канфліктнай сітуацыі.

Міліцыя заклікае “не паддавацца на правакацыі”: “Вы для арганізатараў “мяса”, яны будуць вас штурхаць на парушэнне законаў, – і дадае: – У Еўропе разганяюць вадамётамі, кулямі ды газам. У Менску – выцясняюць. Не даводзьце сітуацыю да еўрапейскай”.

Звяртаючыся да тых, хто апынецца ў прызначаны арганізатарамі час у цэнтры Менску, у ГУУС папярэджваюць: “Калі вы на “плошчы”, то вы – правапарушальнік, з усімі наступствамі. Будзьце гатовыя да затрымання і штрафу згодна з арт. 23.34 КаАП”.

Суполкі ў сацыяльных сетках заклікалі грамадзянаў штосераду выходзіць на галоўныя плошчы гарадоў, каб выказаць незадавальненне ўладамі. Акцыя атрымала назву “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”. Арганізатары прасілі прыходзіць на плошчы без транспарантаў і лозунгаў, каб праваабарончыя органы не мелі падставаў казаць пра несанкцыянаваны характар падзеі.

belsat.eu

Стужка навінаў