Расейскі палітолаг: Лукашэнку варта пусціць еўрапейскі капітал


Гэта абмяжуе магчымасці расейцаў ціснуць на беларускую эканоміку, мяркуе кіраўнік Цэнтру даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіслаў Іназемцаў.

Замест таго, каб займацца дэмагогіяй, кіраўніцтва Беларусі мае скласці план прыватызацыі на $ 40–50 млрд і адчыніць дзверы для еўрапейскіх інвестараў. Такое выйсце з крызісу прапаноўвае расейскі эксперт Уладзіслаў Іназемцаў.

Ён лічыць, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў бы слушны выбар, калі б аддаў буйныя прадпрыемствы, у прыватнасці, цяжкую прамысловасць, еўрапейскім інвестарам: “Яны б, вядома, уклалі больш тэхналогіяў, чым расейцы. З іншага боку, іхная прысутнасць у эканоміцы, канечне, абмежавала б вар’яцтва, да якога часам даходзіць прэзідэнт, а, з іншага боку, яно б абмежавала магчымасці расейцаў ціснуць на беларускую эканоміку”, – мяркуе палітолаг Уладзіслаў Іназемцаў.

Ён зазначае, што еўрапейцы працуюць з рознымі рэжымамі, у тым ліку і з недэмакратычнымі. “Таму, каб закрыць пытанне пра тое, што ты апошні дыктатар Еўропы, ты мусіш адкрыць дзверы для еўрапейскіх кампаніяў. Тады ты будзеш дыктатар у палітыцы, але ліберал у эканоміцы”, – кажа Уладзіслаў Іназемцаў. Дзякуючы такому падыходу Захад “усур’ёз і надоўга” прыйшоў у Паўднёвую Карэю і на Тайвань.

Што ж да санкцыяў, якія днямі ўвёў Еўразвяз супраць трох прадпрыемстваў Беларусі ды шэрагу чыноўнікаў, дык іх эксперт лічыць несур’ёзнымі: “Адрозна ад прадстаўнікоў расейскай палітычнай эліты, кіраўнікі Беларусі не заўважаныя ў валоданні вялікаю колькасцю рахункаў ці нерухомасці за мяжою. Таму хоць мы часта чуем ад Еўразвязу, што на рахункі Лукашэнкі, ягоных міністраў, кіраўнікоў МУС, іншых структураў могуць быць накладзеныя арышты, што яны замарожаныя, пакуль мы не чулі ні слова пра тое, што замарожана”.

Таму санкцыі, паводле эксперта, – хутчэй, дэкларацыя. “Калі сышоў кіраўнік Тунісу, наступнага дня ў еўрапейскай прэсе з’явіліся нейкія мапы Парыжу з усёю нерухомасцю гэтага прэзідэнта. Мяркую, што гэткага кшталту інфармацыі пра Аляксандра Лукашэнку не з’явіцца, бо такой нерухомасці ды рахункаў проста няма, найхутчэй”, – адзначыў Уладзіслаў Іназемцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў