У Беларусі пяты раз вырасла стаўка рэфінансавання


Сёння, 22 чэрвеня, у Беларусі стаўка рэфінансавання павялічылася з 16 да 18 % гадавых.

Нацыянальны банк прыняў такое рашэнне “ў межах паслядоўнай палітыкі, скіраванай на павелічэнне даходнасці паводле ўкладаў у беларускіх рублях і ўзмацненне абароны рублёвых ашчаджэнняў у банках ад інфляцыйных працэсаў”.

Але фінансавы аналітык Сяргей Чалы кажа, што гэтага недастаткова. Каб сапраўды пабольшалі даходы і ўклады не абясцэньваліся, стаўка рэфінансавання мае быць вышэйшаю за ўзровень інфляцыі. Як раней заявіў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур, інфляцыя сёлета можа скласці 33–39 %.

Між тым, асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 г. прадугледжвалі зніжэнне стаўкі рэфінансавання напрыканцы года да 8–10% гадавых. Паводле словаў Чалага, гэта была “дакрызісная праграма”, таму пра яе трэба забыцца.

Стаўка рэфінансавання сёлета павялічылася ўжо пяты раз. Папярэдне гэта адбывалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12 %), 20 красавіка (да 13 %), 18 траўня (да 14 %) і 1 чэрвеня (да 16 %). Такім чынам, з сакавіка яна вырасла амаль удвая.

Стаўка рэфінансавання – інструмент грашова-крэдытнага рэгулявання, з дапамогаю якога Нацбанк уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі на дэпазітах юрыдычных і фізічных асобаў і крэдытах, што даюць ім крэдытныя арганізацыі.
belsat.eu

Стужка навінаў