Акцыя «Белсату» «Салідарныя з палітычнымі вязнямі»


Вядомая расейская праваабаронца Людміла Аляксеева выказала ўпэўненасць у тым, што ніхто з беларускіх палітвязняў не дасядзіць да канца тэрміну, які яму падрыхтавалі, і апынецца на свабодзе значна раней. Яна пажадала, каб гэта здарылася як мага хутчэй.

Тэлебачанне «Белсат» распачало акцыю салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Больш за трыццаць вядомых асобаў з Беларусі ды свету выступяць у кароткіх роліках з пасланнямі да беларускіх вязняў сумлення.

Прэм’ерны кліп, у якім выступіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, паказалі ў нядзелю 19 чэрвеня, пасля «Тыдню ў «Аб’ектыве», а таксама ён з’явіўся на старонцы www.belsat.eu. Чарговыя кліпы тэлеканал будзе паказваць штодзённа пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21:25. Паўторы заўсёды пасля паўтораў галоўнага выдання інфармацыйнай праграмы «Белсату» напрыканцы эфіру і раніцай а 7:20.

Гледачы і прыхільнікі «Белсату» могуць таксама далучыцца да акцыі, дасылаючы свае ролікі са словамі падтрымання беларускіх палітзняволеных на адрас salidarnasc@belsat.eu. Ліст мае змяшчаць вашую пісьмовую згоду на бязвыплатнае змяшчэнне відэазвароту на старонцы www.belsat.eu, а таксама ў эфіры тэлеканалу «Белсат».

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе за палітычныя погляды можна трапіць у турму. Гэтак 19 снежня падчас мірнай дэманстрацыі былі арыштаваныя каля 700 чалавек. 35 чалавек абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, сярод іх – экс-кандыдаты на прэзідэнта. Цяпер ідзе працэс над Андрэем Пачобутам – уласным карэспандэнтам польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Горадні. Яму пагражае да чатырох гадоў зняволення – нібыта за абразу і паклёп на Лукашэнку.

belsat.eu

Стужка навінаў