Бандарэнка: Дзмітрый прасіў праз адваката, каб яго ратавалі


У каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Дзмітрыя Бандарэнкі рэзка пагоршыўся стан здароўя.

“Апошні ліст ад Дзмітрыя я атрымала 19 чэрвеня. У ім ён пісаў, што пакутуе ад моцных боляў у хрыбетніку і нагах. Да таго ж ізноўку абвострылася язва страўніка. Я як адчувала, што гэта можа дрэнна скончыцца, і папрасіла адваката наведаць Дзмітрыя ў СІЗА”, – распавяла “Белсату” жонка палітвязня Вольга Бандарэнка.

Адвакат і паведаміў Вользе, што Дзмітрыю стала настолькі кепска, што адміністрацыя Валадаркі вырашыла шпіталізаваць вязня. Цяпер Дзмітрый Бандарэнка – у медсанчастцы СІЗА, ён практычна абязножыў. Жанчына нагадвае, што некалькі месяцаў дамагалася шпіталізацыі мужа. Аднак турэмная адміністрацыя ўпарта адмаўляла, маўляў, у іх няма гісторыі хваробы асуджанага. Дзмітрыя Бандарэнку нават спрабавалі пераканаць, што яму лепей папрасіць пераводу ў калонію, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі.

“Нарэшце Дзмітрыю ўсё ж такі зрабілі біяхімічны аналіз крыві і магнітна-рэзанансную тамаграфію. Не ведаю, ці то вынікі аналізаў іх так напалохалі, ці ліст ад еўрапейскага дэпутата Марэка Мігальскага паспрыяў, але яны нарэшце вырашылі звярнуць увагу на Дзіміна здароўе”, – гаворыць Вольга Бандарэнка. Жанчына сёння праз адваката таксама атрымала спіс медыкаментаў, неабходных для лекавання мужа.

Давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Дзмітрый Бандарэнка за ўдзел у падзеях 19 снежня быў асуджаны на два гады калоніі. Беларускага палітвязня ўзяў пад сваю апёку дэпутат Еўрапарламенту Марэк Мігальскі (Marek Migalski). Еўрадэпутат неаднаразова заклікаў улады Беларусі вызваліць вязня, дасылаў ліст начальніку СІЗА з патрабаваннем аказаць Дзмітрыю Бандарэнку неабходную медычную дапамогу.

belsat.eu

Стужка навінаў