Чэрвеньскі рынак застанецца на старым месцы да верасня


Пра гэта паведаміў старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька, які прыбыў з дэлегацыяй на сустрэчу з прадпрымальнікамі рынку.

Паводле ягоных словаў, гарадскія ўлады разглядаюць два варыянты ў Ленінскім раёне сталіцы дзеля пераносу рынку. Ладуцька паабяцаў цягам тыдня паінфармаваць прадпрымальнікаў пра месца новай пляцоўкі.

Паколькі кіраўнік горада не пагадзіўся сустрэцца з бізнесоўцамі пад прыцэлам відэакамераў, інфармацыяй пра перспектывы Чэрвеньскага рынку падзяліўся прадпрымальнік Васіль Бараноўскі:

“24 лютага падчас падпісання інвестыцыйнай дамовы ўладаў гораду з іранскаю кампаніяй “Дыдас” інтарэсы прадпрымальнікаў былі праігнараваныя. Калі закранулі пытанне аб перасяленні, нам прапанавалі гандлёвыя месцы на рынках у Ждановічах і ў розных раёнах гораду. Мы звярнуліся ў Менгарвыканкам, які ёсць гаспадаром нашага рынку, з патрабаваннем, каб “Дыдас” падала дакументы ў гарвыканкам адносна ходу і тэрмінаў рэалізацыі гэтага праекту. Калі высветлілася, што ніякіх дакументаў з пэўнымі тэрмінамі няма, мы звярнуліся ў гарвыканкам з просьбаю не закрываць рынак, пакуль не пабудуюць запланаванага гандлёва-забаўляльнага комплексу”.

Паводле Бараноўскага, сёння Ладуцька “расставіў акцэнты” і даў заданні сваім службам падрыхтаваць у даступным месцы пляцоўку для гандлёвых шэрагаў. Ачоліць гэтыя працы дзяржаўнае прадпрыемства “Камароўскі рынак”, а частку сродкаў на ўладкаванне новай тэрыторыі выдзеляць з сумы, якую пералічыць іранская кампанія “Дыдас”.

На пытанне, ці не мінуў час рынкаў, на змену якім прыходзяць гіпермаркеты, Бараноўскі адказаў:

“Наш рынак універсальны – тут можна купіць амаль усё: ад іголкі да будматэрыялаў, ад садавіны да сантэхнікі. І мы просім, каб універсальнасць яго была захаваная. Аналіз меркаванняў пакупнікоў паказвае, што людзі да нас едуць з усяго гораду, бо ў нас прадаецца ўсё і за даступныя кошты. Калі б у нас, як у Еўропе, былі заробкі 2000 еўраў, то, магчыма, нейкая частка людзей палічыла б за лепшае купляць тавары ў гандлёва-выстаўных комплексах, гіпермаркетах. Аднак сёння, паводле апытання Менгарвыканкаму, 48 % рэспандэнтаў назвалі самым папулярным месцам для набыткаў рынкі, 24 % — інтэрнэт-крамы, 17 % — гандлёва-выстаўныя комплексы”.

Беларусь падпісала інвестыцыйную дамову пра рэканструкцыю Чэрвеньскага рынку з іранскаю кампаніяй “Дыдас”. На месцы рынку плануецца пабудаваць буйны гандлёвы цэнтр, бізнес-цэнтр і цэнтр адпачынку з аўтастаянкамі ды падземным паркінгам. Праект коштам $ 200 млн плануецца завяршыць да 2015 г.

belsat.eu

Стужка навінаў