Ад Алены Ліхавід хаваюць інфармацыю пра сына


Другі дзень маці палітвязня Мікіты Ліхавіда не можа дазнацца ў кіраўніцтва Наваполацкай калоніі, ці выйшаў ейны сын з карцару.

Мікіту Ліхавіда мелі выпусціць са штрафнога ізалятару 18 чэрвеня. “У панядзелак я цэлы дзень правяла на тэлефоне. Дзяжурны адмаўляўся адказваць на мае пытанні – маўляў, вам можа адказаць выхавацель ці начальнік калоніі. Выхавацеля ўчора не было, а начальнік, як мне казалі, адышоў дзеля сваіх справаў”, – распавяла “Белсату” спадарыня Ліхавід.

Маці Мікіты гаворыць, што пасля шматлікіх тэлефанаванняў ёй увогуле далі зразумець, што размаўляць з ёю не будуць. І параілі даслаць пісьмовы запыт і чакаць адказу ў “вызначаны законам тэрмін”.

Сёння месцазнаходжанне Мікіты Ліхавіда спрабавала высветліць ягоная адвакатка Дар’я Ліпкіна. Аднак і ёй параілі звяртацца пісьмова. “Магчыма, яны так паводзяць сябе, бо ім не падабаецца той вялікі розгалас, які атрымала справа майго сына. Пра тое, што Мікіта ўжо шмат разоў быў пакараны карцарам, пісалі не толькі беларускія, але і замежныя медыі”, – гаворыць маці палітвязня. Алена Ліхавід паведаміла, што калі і заўтра адвакатка не зможа атрымаць адказу, яны паедуць у калонію сустрэцца з начальнікам спецустановы.

Актывіст руху “За свабоду” Мікіта Ліхавід быў асуджаны за ўдзел у Плошчы на тры з паловаю гады пазбаўлення волі. На пачатку траўня яго этапавалі да месца адбывання пакарання – у Наваполацкую калонію. Фактычна ўвесь гэты час Ліхавіда трымаюць у штрафным ізалятары калоніі. Хлопца караюць за тое, што ён называе сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць патрабаванні турэмнай адміністрацыі. Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць спыніць катаванні Мікіты Ліхавіда.

Як заяўляў у інтэрв’ю “Белсату” прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, яны расцэньваюць змяшчэнне Мікіты Ліхавіда ў карцар як “спробу ўладаў аказваць дадатковы ціск на яго як на палітвязня”. Праваабаронца падкрэсліў, што ўмовы ўтрымання ў штрафным ізалятары разглядае як катаванне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары