Лукашэнка хоча, каб камерцыйныя банкі крэдытавалі калгасы


Падпісаны адмысловы ўказ прэзідэнта аб ільготным крэдытаванні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з боку камерцыйных банкаў.

Дакумент падпісаны «ў мэтах фінансавання мерапрыемстваў па развіцці вытворчай сферы аграпрамысловага комплексу». Указ прапаноўвае банкам выдаваць у 2011–2015 гг. ільготныя крэдыты ў беларускіх рублях арганізацыям АПК для будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі ды тэхнічнага пераабсталявання вытворчых аб’ектаў, прадугледжаных асобнымі праграмамі ў галіне сельскай гаспадаркі.

«Згодна з указам, банкам даюцца гарантыі ўраду, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. У ім вызначаныя ўмовы давання такіх гарантыяў, а таксама парадак кампенсавання арганізацыям часткі адсоткаў. Такі падыход дае магчымасць любому камерцыйнаму банку, які валодае дастатковаю ліквіднасцю, удзельнічаць у крэдытаванні праграмаў», – патлумачыў старшыня ўпраўлення фінансамі па Менскай вобласці Дзмітрый Ляўданскі.

Раней ільготным крэдытаваннем АПК займаліся «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк». Гарантам вяртання крэдыту таксама выступала дзяржава ў асобе мясцовых уладаў. Але вядомыя выпадкі, калі прадпрыемствы так і не змаглі заплаціць па рахунках. Тады банкі былі змушаныя канфіскаваць прадукцыю і маёмасць арганізацыяў. У выніку «Беларусбанк» сёння мае на балансе пладова-ягаднае віно, свініну, бульбу, дошкі ды іншую прадукцыю, якую цяпер вымушаны прадаваць самастойна, каб вярнуць свае грошы.

Ва ўказе не вызначаныя канкрэтныя банкі ці сумы крэдытаў, якія імі будуць выдавацца. «Пры сённяшнім стане сельскай гаспадаркі, якая трымаецца на датацыях, банк добраахвотна не будзе рызыкаваць і ўкладаць свае сродкі, – мяркуе Наталля Папова, былая старшыня крэдытнага аддзелу «Беларусбанку». – Да таго ж, ільготны крэдыт мусіць чым-небудзь кампенсавацца для самога банку. Страхаваць мусіць дзяржава, але відавочна, што ў яе ўжо не стае сродкаў, каб закрываць праблемныя дзіркі калгасаў. Той жа «Беларусбанк» выдае крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам, бо мае на гэта загад і кантроль уладаў. Хоць для самога банку гэтае ўкладанне збольшага нявыгаднае – занадта нізкая рэнтабельнасць беларускіх АПК ды высокая іх залежнасць ад датацыяў».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары