Каманда«Белсату» ўзяла ўдзел у Еўрапейскім футбольным турніры журналістаў


18–19 чэрвеня ў горадзе Аструда на поўначы Польшчы адбыўся Еўрапейскі футбольны турнір журналістаў – «Ostróda Cup». Каманда журналістаў тэлеканалу «Белсат» выступіла сярод 16 іншых – 10 камандаў з Польшчы, а таксама з Літвы, Малдовы, Румыніі ды Украіны.

Каманду «Белсату» запрасілі як прадстаўнікоў Беларусі. Журналісты незалежнага тэлеканалу ўпершыню ўдзельнічалі ў такім таварыскім міжнародным турніры.

Атмасферы не сапсаваў ні дождж, які ішоў увесь першы дзень, ні дыскваліфікацыя польскай каманды тэлеканалу «nSport», які даслаў на турнір не журналістаў, а дасведчаных футбалістаў.

Матчы адбываліся на гарадскім стадыёне Аструды. Гэта невялікі горад з насельніцтвам 33 тыс. жыхароў на Мазурскім Паазер’і паміж Варшаваю і Гданьскам. Шматлікія помнікі архітэктуры з часоў крыжакоў і Прусіі сустракаюцца на кожным кроку, хаця падчас Другой сусветнай вайны горад моцна пашкодзілі савецкія войскі.

Сёння Аструда, што ляжыць на беразе Дрвенцкага возера, – гэта адзін з асноўных польскіх цэнтраў водных відаў спорту. Але мясцовыя ўлады і прадпрымальнікі гэтым не задавольваюцца. Горад заяўляе пра футбольныя амбіцыі. Там ударнымі тэмпамі паўстае сучасны стадыён на 5000 месцаў. Вакол возера выраслі некалькі чатырохзоркавых гатэляў, а побач будуецца амфітэатр. Усё не выпадкова. У наступным годзе ў Польшчы і Украіне пройдзе чэмпіянат Еўропы па футболе. Матчы будуць адбывацца ў тым ліку ў Гданьску і Варшаве. Аструда змагаецца за права размясціць у сябе на час спаборніцтваў адну з замежных зборных. Мясцовыя жыхары гавораць, што гэта можа быць каманда Іспаніі ці Нідэрландаў, бо замежныя эмісары ўжо прыязджалі і прыглядаліся, хоць рашэння яшчэ няма. У Аструдзе чакаюць яго з нецярплівасцю.

Тым часам журналісты, што вярнуліся ў свае рэдакцыі, напішуць пра ўдзел у турніры, і пра малы амбітны горад на возеры даведаюцца тысячы чытачоў у шасці еўрапейскіх краінах. І магчыма, у адзін сонечны дзень мары мясцовых хлопцаў споўняцца, калі ў Аструду прыедзе аўтобус са зборнай Іспаніі.

Стужка навінаў