Пералічылі першую траншу крэдыту ЕўрАзЭС


800 млн долараў з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС перавялі 21 чэрвеня ў Беларусь, паведаміў журналістам у Маскве віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

«Беларусь учора выканала ўсе фармальныя абавязацельствы, і сёння грошы ўжо ў дарозе, ужо адпраўленыя», – цытуе Кудрына «РИА Новости».

У Міністэрстве фінансаў Беларусі гэтай заявы пакуль не каментуюць.

Агульны аб’ём крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС складзе 3 млрд долараў ЗША, паступленне сродкаў будзе ажыццяўляцца траншамі цягам трох гадоў (2011–2013 гг.). Сума крэдыту сёлета складзе 1,24 млрд долараў. Рэшту сродкаў выдзяляць роўнымі траншамі двойчы на год цягам 2012–2013 гг.

Другая і наступныя траншы, кожная памерам 440 млн долараў, будуць пералічвацца Беларусі па меры выканання ўзгодненых захадаў праграмы стабілізацыі плацежнага балансу і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, распрацаванай урадам краіны.

Сродкі крэдыту мусяць выкарыстоўвацца на папаўненне міжнародных рэзервовых актываў і фінансаванне дэфіцыту плацежнага балансу Беларусі.

18 чэрвеня на Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбурзе намеснік міністра эканамічнага развіцця Расейскай Федэрацыі Андрэй Сляпнёў заявіў журналістам, што Расея можа перагледзець крэдытную супрацу з Менскам, калі беларускае кіраўніцтва працягне абмяжоўваць імпарт.

Крыху пазней Аляксей Кудрын удакладніў: пытанне пра адмову выплачваць Беларусі першую траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС не стаіць, аднак Расея можа ўлічыць праблему абмежавання імпарту пры далейшым крэдытаванні Менску. «Забарона імпарту Беларуссю ўваходзіць у супярэчнасць з Мытным саюзам, аднак у гэтым выпадку не трапляе пад умовы крэдыту, але не выключана, што мы можам узняць такое пытанне, калі гэта будзе істотна абмяжоўваць гандаль з Расеяй», – заявіў Кудрын.

belsat.eu

Стужка навінаў