Надрукаваны спіс асобаў і кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі


Афіцыйны часопіс Еўразвязу надрукаваў спісы беларускіх грамадзянаў і кампаніяў, у дачыненні да якіх Рада Еўразвязу ўвяла санкцыі з 20 чэрвеня.

У спіс трапілі наступны асобы:

Андрэй Кажэўнікаў, пракурор па справе экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, членаў выбарчай каманды Някляева Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазняка, а таксама віцэ-старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту” Насты Палажанка;

Людміла Грачова, суддзя суда Ленінскага раёна Менска, разглядала справу экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава;

Кірыла Чубкавец, пракурор па справе экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага;

Уладзімір Пефціеў, бізнэсмэн, фігуруе ў спісе як “асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і ягонай сям’ёю”. “Галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнка і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня рады акцыянераў “Белтэхэкспарту”, буйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў”, – адзначаецца ў каментары ЕЗ.

У спіс кампаніяў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, – ЗАТ “Белтэхэкспарт”, ЗАТ «Спорт-пари», ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». Усе тры арганізацыі падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву”, – зазначае Еўразвяз.

Надрукаваны таксама спіс тэхнікі, на пастаўкі якой у Беларусь Еўразвяз уводзіць эмбарга ў сувязі з тым, што ўлады могуць выкарыстоўваць яе “для рэпрэсіяў”. У пераліку – 11 пунктаў.

Рашэнне пра пашырэнне санкцыяў прынята 20 чэрвеня на сесіі Рады Еўразвязу ў Люксембургу. Палітычнае рашэнне па Беларусі яна прыняла раней – 31 студзеня ў Бруселі. Тады міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕЗ, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕЗ мусяць быць замарожаныя. першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Еўразвяз некалькі разоў пашыраў яго. Цяпер у ім – 179 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў