Ваенная пракуратура нібыта разглядае скаргі на катаванне ў СІЗА КДБ


Экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава ў СІЗА МУС наведаў следчы ваеннай пракуратуры Андрэй Халімаў. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка Саннікава Ірына Халіп са спасылкаю на ліст ад мужа, які яна атрымала 18 чэрвеня.

«У мяне сёння быў наведнік з ваеннай пракуратуры – следчы Андрэй Халімаў. Яны нібыта праводзяць праверку заяваў пра ўтрыманне ў «амерыканцы» паводле звароту БХК. Я даваць тлумачэнні адмовіўся. Наогул, замілавальная карцінка: прыходзіць следчы Абвэру ў вязніцу СД да ўдзельніка Супраціўлення (падпольшчыка) і прапаноўвае яму перад адпраўкай у канцлагер расказаць, як да яго ставіліся ў гестапа», – гаворыцца ў лісце.

Саннікаў адзначае, што «такія рэчы можна расследаваць толькі галосна і незалежнаю камісіяй». Палітык папрасіў для поўнага ўсебаковага расследавання запатрабаваць напісаную яшчэ ў снежні 2010 г. заяву на імя начальніка СІЗА КДБ пра тое, што дзеянні ў дачыненні яго падпадалі пад дзеянне Канвенцыі супраць катаванняў. Экс-кандыдат просіць запатрабаваць з СІЗА і шпіталю КДБ звесткі пра стан здароўя ў перыяд ягонага ўтрымання ў СІЗА, а таксама даследаваць і даць ацэнку таму факту, што цягам трох месяцаў яму не давалі сустрэцца з абаронцам сам-насам.

Акрамя таго, Саннікаў папрасіў даследаваць і даць ацэнку адмове ў правядзенні судмедэкспертызы па фактах гвалту ў дачыненні яго і даследаваць факт яго незаконнага перамяшчэння з СІЗА КДБ у СІЗА МУС № 1 і назад ды адмову паведаміць пра гэта сваякам і абаронцу. Як адзначыла Ірына Халіп, раней не было вядома, што да суда Саннікава перавялі з турмы КДБ у ізалятар МУС на вул. Валадарскага.

Яна таксама паведаміла, што лісты мужа прыходзяць «неяк дзіўна»: «Часцей за ўсё ідзе тыдзень маўчання, а потым прыходзіць адразу два-тры лісты. Да яго лісты даходзяць гэтак жа».

Паводле Халіп, пакуль не вядома, калі Саннікава перавядуць у калонію. «Яшчэ нават не прызначылі дату разгляду ягонай касацыйнай скаргі», – сказала яна, удакладніўшы, што Саннікаў не прасіў перавесці яго ў калонію да разгляду скаргі, як гэта зрабілі некалькі іншых асуджаных у справе аб масавых беспарадках.

У сваю чаргу Дар’я Корсак, жонка прэс-сакратара Саннікава падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2010 г., Аляксандра Атрошчанкава, паведаміла, што па факце ейнай заявы пра катаванні ў дачыненні мужа таксама праводзіцца праверка. «Да Сашы ў калонію ездзіў пракурор. Там быў і наш адвакат, але падрабязнасцяў я пакуль не ведаю», – сказала яна.

14 чэрвеня Дар’ю Корсак выклікалі ў ваенную пракуратуру. «Там я пацвердзіла ўсё, што было сказана ў маёй скарзе. Акрамя таго, я дэталёва спынілася на тым, што ў першыя месяцы мы не атрымлівалі лістоў, не ведалі, дзе ўтрымліваюцца нашы родныя. Я таксама расказала, што цягам двух месяцаў Саша не атрымліваў газетаў і часопісаў, якія я для яго выпісала. Акрамя таго, я паведаміла, што старшыня КДБ Зайцаў так і не адказаў на мой пісьмовы зварот. Мне сказалі, што праводзіцца праверка па маёй скарзе», – распавяла жанчына.

belsat.eu

Стужка навінаў