У Менску замест інтэрнатаў будуюць гатэлі і гандлёвыя цэнтры


І скарачаюць месцы для засялення студэнтаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства адукацыі, 51 % іншагародніх студэнтаў забяспечваецца месцамі ў інтэрнатах пры ўніверсітэтах. Астатнія 49 % – а гэта каля 19 тыс. чалавек – вымушаныя шукаць жытло самастойна. Намеснік начальніка ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Эдуард Шаўцоў тлумачыць, што найперш засяляюць прадстаўнікоў неабароненых слаёў насельніцтва: «Першая катэгорыя – сіроты, далей ідуць інваліды, дзеці са шматдзетных сямей, дзеці, дзе бацькі ў разводзе або хтосьці з бацькоў памёр. Пасля гэтага мы засяляем студэнтаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці ўніверсітэту. І студэнтаў-выдатнікаў», – паведамляе чыноўнік.

Для тых, каму месца ў інтэрнаце не хапіла, дзяржава прапаноўвае кампенсацыю – 25 % базавай велічыні. На сёння гэтая сума складае 10 тыс. руб. або 2 долары паводле афіцыйнага курсу Нацбанку. «Студэнты найчасцей шукаюць жытло патанней – пакой у кватэры ў спальным раёне. Сярэдні кошт па гэтай пазіцыі складае цяпер 70–100 долараў на месяц без уліку аплаты камунальных паслугаў», – паведамілі ў агенцтве нерухомасці «Дзінас».

Але ўжо ў верасні студэнтаў, якім не хопіць месца ў інтэрнаце, будзе на некалькі тысячаў больш. Студэнцкі гарадок БДУ высяляе студэнтаў з інтэрнату № 3, які аддаюць пад рэканструкцыю. «У нашым інтэрнаце будзе нешта накшталт недарагога гатэлю для спартоўцаў і гледачоў, якія прыедуць у сталіцу на чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, – паведаміла загадчыца інтэрнату Нэлі Савугіна. – Студэнтаў з факультэту радыёфізікі ды электронікі пераселяць у суседні інтэрнат № 10».

А вось студэнтаў з «дзясяткі» накіруюць у адрамантаваны інтэрнат № 7. Месцаў хопіць далёка не ўсім – пра гэта ўжо паведамілі на факультэтах. «У «сямёрцы» будуць жыць студэнты адразу з сямі факультэтаў. Да таго ж, у гэтым інтэрнаце ўжо традыцыйна каля 50 % усіх месцаў займаюць замежныя студэнты, таму нам на факультэце сказалі адразу: шукайце сабе кватэру загадзя», – кажа студэнтка біялагічнага факультэту Ірына Заяц.

Да таго ж хутка чакаецца знос інтэрнату № 4, які месціцца ў цэнтры Менску і, на меркаванне чыноўнікаў Менгарвыканкаму, не ўпісваецца ў новы праект рэканструкцыі праспекту Машэрава. На яго месцы пабудуюць гандлёвы цэнтр з паркінгам. Рыхтуюцца паперы на падпісанне з катарскім інвестарам.

Улады абяцаюць выправіць сітуацыю за чатыры гады. Да гэтага часу плануецца пабудаваць 27 студэнцкіх інтэрнатаў больш як на 22 тыс. месцаў, каб на 100 % забяспечыць жытлом замежных ды іншагародніх студэнтаў. Будаўніцтва ажыццяўляецца ў межах дзяржаўнай праграмы аб вышэйшай адукацыі. Пакуль за гэты час у Менску здалі толькі два інтэрнаты.

Доля забеспячэння жытлом першакурснікаў у 2010/2011 навучальным годзе:

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка – 30 %,

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт – 66 %,

Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт – 40 %,

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі ды радыёэлектронікі – 42 %,

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – 25 %,

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – 57 %,

Акадэмія кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – 25%.

belsat.eu

Стужка навінаў