Лес вырубілі ды згнаілі, каб выканаць план


Парушэнні знайшоў Камітэт дзяржкантролю.

Вырубленыя дрэвы калі і ішлі на продаж, то незаконна і не ў поўным аб’ёме. Але паводле накладных лясгасы нават перавыконвалі планавыя паказнікі. Парушэнне рэвізоры выявілі, калі супаставілі дакументы па вырубцы і продажу сыравіны. У выніку толькі ў Стаўбцоўскім і Лагойскім раёнах такая дзейнасць прынесла страты на 133 млн руб.

Генеральная пракуратура знайшла ў дзеяннях працаўнікоў лясгасаў прыкметы злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 277 Крымінальнага кодэксу – «Незаконная вырубка дрэваў і кустоў, якая пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры». «Адкрылі чатыры крымінальныя справы. Вядзецца следства. За гэтае злачынства прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе штрафу або папраўчых працаў на тэрмін да двух гадоў, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін», – патлумачылі ў прэсавай службе Генпракуратуры.

Беларускія эколагі мяркуюць, што праваахоўныя органы занадта лаяльна ставяцца да парушальнікаў заканадаўства ў сферы абароны прыроды і навакольнага асяроддзя. «Гучныя гісторыі пра вырубку лесу ў заказніках і запаведніках – Белавежскай і Налібоцкай пушчах – толькі пацвярджаюць гэта, – кажа эколаг Вольга Астаповіч. – І калі нават у такіх справах разбіранне да канца так і не дайшло (да адказнасці прыцягнулі выканаўцаў, працаўнікоў на ніжэйшым узроўні), то ў звычайных лясах часта не даходзіць нават да адкрыцця адміністратыўнай ці крымінальнай справы». Паводле звестак эксперта, сёлета за незаконную вырубку лясоў злачынцаў пакаралі штрафам, агульная сума складае каля 8 млн руб. – гэта не больш за 5 % ад рэальных стратаў, што панесла дзяржава.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары