Акцыя «Белсату» «Салідарныя з палітычнымі вязнямі»


Тэлебачанне «Белсат» распачынае акцыю салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Больш за трыццаць вядомых асобаў з Беларусі ды свету выступяць у кароткіх роліках з пасланнямі да беларускіх вязняў сумлення.

У відэазваротах будзе таксама кароткая інфармацыя пра кожнага з асуджаных.Сярод асобаў, што выкажуць падтрыманне, – Генадзь Бураўкін, Анджэй Вайда, Агнешка Рамашэўская-Гузы, Сяргей Міхалок, Вітаўтас Ландсбергіс, Кшыштаф Занусі.

«Ведаю, што вязням вельмі патрэбная салідарнасць тых, хто застаўся за мурамі. Горш за ўсё не ўтрыманне ў чатырох сценах, бо вольнасць – унутры нас, а не звонку. Найгоршае – гэта адчуванне адзіноты і страх за сям’ю. І таму мы ўсе мусім выказаць салідарнасць – і справаю, і словам – з палітычнымі вязнямі ў Беларусі, дапамагчы іхным сем’ям», – гаворыць дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Гледачы і прыхільнікі «Белсату» могуць таксама далучыцца да акцыі, дасылаючы свае ролікі са словамі падтрымання беларускіх палітзняволеных на адрас salidarnasc@belsat.eu. Ліст мае змяшчаць вашую пісьмовую згоду на бязвыплатнае змяшчэнне відэазвароту на старонцы www.belsat.eu, а таксама ў эфіры тэлеканалу «Белсат».

Прэм’ерны кліп, у якім выступіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, паказалі ў нядзелю 19 чэрвеня, пасля «Тыдню ў «Аб’ектыве», а таксама ён з’явіўся на старонцы www.belsat.eu. Чарговыя кліпы тэлеканал будзе паказваць штодзённа пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21:25. Паўторы заўсёды пасля паўтораў галоўнага выдання інфармацыйнай праграмы «Белсату» напрыканцы эфіру і раніцай а 7:20.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе за палітычныя погляды можна трапіць у турму. Гэтак 19 снежня падчас мірнай дэманстрацыі былі арыштаваныя каля 700 чалавек. 35 чалавек абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, сярод іх – экс-кандыдаты на прэзідэнта. Цяпер ідзе працэс над Андрэем Пачобутам – уласным карэспандэнтам польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Горадні. Яму пагражае да чатырох гадоў зняволення – нібыта за абразу і паклёп на Лукашэнку.

Стужка навінаў