Някляеў: “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” – беларускі варыянт


Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў станоўча ставіцца да “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку”.

“…Гэта наш фармат – фармат “Гавары праўду!”. Такое адчуванне, што мы самі не заўважылі, як гэта прыдумалі. Тут задзеяная моладзь – гэта галоўнае. Гульня гэта ці ўсур’ёз? Мы заўсёды рабілі так, што ўва ўсякай сур’ёзнай справе быў элемент гульні, і ва ўсякай гульні быў элемент сур’ёзнай справы. Так і робіцца масавая, рэальная палітыка”, – распавёў ён.

На думку Някляева, “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” – вельмі беларускі варыянт: “Можна прыйсці, неяк сябе выявіць, паказаць, што ты – нават трошкі герой, ведаючы, што табе за гэта практычна нічога не будзе. Гэта вельмі беларускі фармат супраціву. Ну і, апроч таго, у ім ёсць азарт, ёсць віртуальная спроба яднання, якая ператвараецца ў рэальнае яднанне ў тым месцы, дзе гэтыя людзі збіраюцца. Я гэта вітаю, схадзіў і атрымаў задавальненне, нягледзячы на тое, што мяне там адусюль піхалі”.

Адносна сённяшняга стану апазіцыі ды вечнага пытання “Што рабіць?” Някляеў гаворыць: “Я яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі казаў, што задача аб’яднання апазіцыі ставіцца трохі не так, як я разумею. Нельга выбраць нейкага аднаго генерала, калі астатнія – такія ж самыя генералы. І хай сабе кожны лічыць сябе генералам, але трэба выпрацаваць агульны падыход да стратэгіі нашых дзеянняў.

Я не галоўны генерал, я паэт і прыйшоў у палітыку для рэальнай справы: змяніць гэты рэжым. На жаль, 19 снежня мне не ўдалося гэта зрабіць з аб’ектыўных прычынаў: “я пад коўдру схаваўся”, як сказаў сёння Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў. Але далей я “пад коўдру” ні ад яго, ні ад ягонага спецназу хавацца не збіраюся, як, зрэшты, не хаваўся і дасюль. Будзем аб’ядноўвацца дзеля вырашэння асноўнай задачы – змены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь”.

“Мы маем сістэмны крызіс у краіне, які звязаны з крызісам і ўлады, і фінансаў, і эканомікі, унутранай і вонкавай палітыкі, – упэўнены палітык. – Выправіць гэты сістэмны крызіс улада самастойна не здольная, бо ніхто звонку выправіць яго не дапаможа, а ўнутры пайсці на дыялог з апазіцыяй, з грамадскаю супольнасцю яны не хочуць – надта шмат фанабэрыі.

Мы – грамадская супольнасць, народ – прапаноўваем уладзе: давайце разам паспрабуем вырашыць гэтыя праблемы. Мы гэта сказалі ў сваёй заяве, а ў канцы адзначылі: калі і гэтым разам не будзем пачутыя, мы пакідаем за сабою права і бачым адзіным выйсцем з гэтай сітуацыі змаганне ўсімі магчымымі палітычнымі сродкамі з рэжымам, які антыбеларускі ў сваёй сутнасці”.

belsat.eu

Стужка навінаў