Усаў: У Беларусі могуць увесці надзвычайнае становішча


Паводле палітолага, гэта будзе апошнім крокам Аляксандра Лукашэнкі, які будзе азначаць крах ягонага рэжыму.

Беларусы мусяць падрыхтавацца да таго, што бліжэйшым часам сітуацыя ў краіне будзе пагаршацца, папярэджвае палітолаг Павал Усаў: «У адказ на крызіс, на палітычнае і эканамічнае незадавальненне грамадзянаў Лукашэнка мае толькі адзіны варыянт вырашэння праблемы – гэта сілавы варыянт. Пры самым кепскім варыянце, і Лукашэнка гэта падкрэсліваў, краіна будзе зачыненая. Прычым датычыць гэта не толькі вывазу тавараў, але і палітычнага становішча. Гэта фактычна азначае надзвычайнае становішча. І гэта апошні крок, які зробіць Лукашэнка. Гэта будзе азначаць канец палітычнага рэжыму ў Беларусі».

Паводле эксперта, у выпадку ўвядзення надзвычайнага становішча адзіным гульцом на палітычнай і эканамічнай сцэне ў Беларусі застанецца Расея. «Надзвычайнае становішча вельмі выгаднае расейскаму боку, бо, толькі абапіраючыся на палітычнае падтрыманне з яе боку, гэты рэжым можа яшчэ пэўны час праіснаваць. Але гэта будзе абсалютна закладніцкі рэжым. У любы момант Расея можа сказаць, што Лукашэнка страціў сваю легітымнасць і спрыяць палітычным зменам. На маю думку, змены пры ўдзеле Расеі азначаюць страту суверэнітэту», – мяркуе Павал Усаў.

Якія яшчэ варыянты развіцця падзеяў магчымыя ў нашай краіне? Продаж усіх буйных прадпрыемстваў Расеі ды атрыманне грашовай дапамогі. Гэта будзе азначаць дэстабілізацыі эканамічнага становішча, бо прыватызацыя пацягне пашырэнне беспрацоўя.

Яшчэ адзін варыянт – найлепшы для Беларусі ды найгоршы для рэжыму – аднаўленне перамоваў з Еўразвязам. «Гэта адзін з самых канструктыўных варыянтаў, на які б мог наважыцца Лукашэнка, але на сённяшні дзень гэта, па сутнасці, немажліва, бо дыялог азначае вызваленне ўсіх палітвязняў, што ў пэўным сэнсе было б дэманстрацыяй слабасці з боку рэжыму, страты панавання над сітуацыяй. Гэта таксама можа паспрыяць палітычнай дэстабілізацыі, актывізацыі апазіцыі ды мабілізацыі грамадства», – адзначае палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары