Лямпачка зрабілася мясцоваю славутасцю


У горадзе Лівэрмор (Livermore) у Паўночнай Каліфорніі, ЗША, зноў рыхтуюцца да святкавання дня народзінаў лямпачкі, якая свеціць ужо 110 гадоў.

Святкаванне адбудзецца 18 чэрвеня. Лямпачка, падарунак мясцовага бізнесоўца, была ўсталяваная на пажарнай станцыі ў 1901 г. З таго часу, за выключэннем кароткага перыяду ў 1903 г., тыдня ў 1937-м і некаторых збояў у электрычнасці да 1976 г., лямпачка гарэла заўсёды.

«Ніхто не ведае, як гэта магчыма. Гэтая лямпачка на 60 ватаў, уключаная толькі прыкладна на 4 ваты, але ніхто не ведае, чаму яна працягвае гарэць. У нас былі навукоўцы з усёй краіны, каб паглядзець на гэтую лямпачку, вядома, ніхто ніколі не дакранаўся да яе», – распавядае Лін Оўэнз (Lynn Owens), былы працаўнік упраўлення пажарнай аховы гораду і старшыня гарадскога камітэту, які займаецца аховай і даследаваннямі стогадовай лямпачкі.

Стыў Бан (Steve Bunn), чалец таго ж камітэту, кажа: «У 1897 годзе прафесар Адольф Шае (Adolphe Chaillet), які хацеў распачаць фабрыку вытворчасці лямпачак, прыехаў у Шэлбі, Агаё (Shelby, Ohio). Выкарыстоўваючы свае ідэі ды канцэпцыі, ён стварыў вось гэтую адмысловую лямпачку. Спачатку я падумаў, што гэта была звычайная лямпачка, якія выраблялі на заводзе, але, як я даведаўся зусім нядаўна, на стварэнне такіх лямпачак былі выдаткаваныя дадатковыя грошы, была дадатковая асцярожнасць, і кожная правяралася ўручную».

Ён дадае: «Першае, што я зрабіў, – зірнуў на яе і сказаў, што калі паглядзець на яе з гэтага боку, яна нібыта гаворыць «no» («не»). Я сказаў: «Пачакайце хвілінку!» Павярнуў яе, і яна кажа «on» («уключана»)».

«Нават нягледзячы на тое, што лямпачка свяціла дзень і ноч, яна выкарыстоўвалася як начнік. Калі пажарная сігналізацыя званіла і добраахвотнікі прыходзілі за абсталяваннем, яны не хадзілі па цалкам цёмным будынку, было слабае святло лямпачкі. Гэта было значна бяспечней, каб яны маглі запаліць газавыя ліхтары, каб узяць абсталяванне», – працягвае Лін Оўэнз.

Лямпачку, якая ўжо зрабілася мясцоваю славутасцю, занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самую старую працоўную лямпачку. У 1976 г. яе перанеслі на іншую пажарную станцыю, якая месціцца на 72 км на ўсход ад Сан-Францыска.

belsat.eu

Стужка навінаў