МУС: Удзельнікі маўклівых пратэстаў – беспрацоўныя


Міністэрства склала сацыяльны партрэт удзельнікаў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку».

Больш за 100 чалавек, якія бралі ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў сераду, 15 чэрвеня, даставілі ў міліцыю, паведаміў Канстанцін Шалькевіч, часовы выканальнік абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі ды грамадскіх сувязяў Міністэрства унутраных справаў .

У Мeнску ў міліцыю трапілі 15 чалавек. Іхнае затрыманне «звязанае не з тым, што яны былі на плошчы, а ў асноўным з неадэкватнымі паводзінамі [у адказ] на тыя заўвагі, якія ім рабілі», падкрэсліў Шалькевіч.

Паводле праваахоўніка, МУС склала сацыяльны партрэт удзельнікаў акцыі. Гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія нідзе не працуюць. Пераважная большасць з іх «аднаразова ці неаднаразова» прыцягвалася да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці. Сярод адміністратыўных правапарушэнняў – дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў у грамадскіх месцах, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, парушэнне правілаў дарожнага руху.

Шалькевіч адзначыў, што ўсіх грамадзянаў дастаўлялі ў міліцыю для высвятлення асобы. Адміністратыўныя пратаколы не складаліся. Небяспечных прадметаў таксама не знайшлі.

Як заявіў прадстаўнік МУС, працягваецца праца для выяўлення асобаў, якія размяшчаюць у інтэрнэце інфармацыю з заклікамі прыходзіць на несанкцыянаваныя акцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў