У Таліне прайшоў забег на высокіх абцасах


У адказ на парад бландзінак у Рызе Талін правёў «Stiletto race» – бег на абцасах.

Мінімальная вышыня абцаса для ўдзелу ў гонцы склала 8 см, дыстанцыя забегу – 100 метраў.

Арганізатары імпрэзы кажуць, што яны імкнуліся прыцягнуць увагу да вялікай колькасці даўганогіх эстонскіх дзяўчат, якія жывуць у Таліне. «Я хацела арганізаваць гэтую імпрэзу, бо туфлі прыгожыя, эстонскія жанчыны прыгожыя ды іхныя ногі таксама прыгожыя», – дадае арганізатарка Сілві Грыгор’ева.

У незвычайным спаборніцтвы ўзялі ўдзел каля 50 дзяўчат. Матывы былі розныя. «Мы з сяброўкаю хацелі паўдзельнічаць у гэтай падзеі, каб паказаць прыгожы абутак, асабліва абутак, які, на нашую думку, эстонцы мусяць насіць часцей», – тлумачыць адна з удзельніц Аўлі Рэйтэль.

Некаторыя вельмі сур’ёзна падышлі да забегу і надзелі налакотнікі ды накаленнікі. «Я так добра ўзброілася, бо я музыка і непакоюся, што падзенне можа стаць канцом маёй кар’еры», – кажа Сілвія Ілвэс.

Эвэлін Кярнэр, бягуння на доўгія дыстанцыі, была першаю, хто перасек фінішную лінію. Яна адказала, што бегаць на высокіх абцасах – гэта вельмі цяжкая задача, і трэба быць вельмі ўважлівай, каб не вывернуць шчыкалатак.

«Сакрэт майго поспеху, – працягвае Эвэлін, – гэта практыкаванні. Я насамрэч бегаю на доўгія дыстанцыі. Я бегаю 4, 5 і 10 кіламетраў і таксама палову марафону, таму бег для мяне не новая справа».

Пераможцы гонкі атрымалі, імаверна, самыя жаданыя і вельмі адпаведныя прызы – новыя туфлі на высокіх абцасах.

belsat.eu

Стужка навінаў