Бюджэтнікам павялічылі заробкі


Рэальнае павышэнне склала не болей за 7 %, бо індэксавалі толькі мінімальны заробак.

Мінімальны заробак бюджэтнікаў праіндэксавалі на 26,6 %. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны тлумачаць крок ростам цэнаў за травень, які перавысіў 5 % да месяца іх папярэдняй індэксацыі ў красавіку. «Месячная мінімальная заработная плата за травень 2011 года будзе праіндэксаваная і павялічыцца да 541,35 тысячы рублёў. Падтрыманне людзей з малым заробкам цяпер – найважнейшы клопат для ўладаў», – заявіла прэсавая сакратарка міністэрства Галіна Трафіменка.

Гэтыя захады прынялі насуперак прапановам экспертаў пра поўнае замарожванне заробкаў. Міжнародны Валютны Фонд (МВФ) настойвае, што мэтазгодна было б адкласці павышэнне заробку ў дзяржаўным сектары Беларусі.

Эканаміст Сяргей Юркоў мяркуе, што за павышэннем заробку стаяць хутчэй прапагандысцкія мэты, чымся рэальная фінансавая дапамога. «Вельмі малая колькасць людзей атрымае павышэнне. На фоне падаражання прадуктаў, рэчаў, тэхнікі і гэтак далей – гэта нязначныя грошы. Разам з тым гэта наўпроставае невыкананне патрабавання МВФ для атрымання крэдыту», – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў