Аляксандр Лукашэнка: Крызісу ў краіне няма! Тавары набываюць у рэкорднай колькасці


Сёння прэзідэнт дае прэс-канферэнцыю для беларускіх журналістаў. Напярэдадні стала вядома, што шэрагу незалежных медыяў не задаволілі заяўкі на ўдзел: газеце “Наша Ніва”, радыё “Свабода”, “Еўрарадыё”, агенцтву БелаПАН.

Канферэнцыя пачалася а 12.00 і разлічаная на дзве гадзіны, але ўжо гадзіну Лукашэнка адказвае на адно пытанне – пра структурную перабудову і рэфармаванне эканомікі. “Трэба змяніць структуру эканомікі? А хто мне дасць на гэта трыльён долараў? Так, нашая сённяшняя структура няправільная, але яе ствараў не я. Мы атрымалі нашыя прадпрыемствы ў спадчыну, таму мусім усё гэта цягнуць”, – заявіў Лукашэнка.

Ён назваў прыярытэтныя кірункі: “Цяпер важна прывязвацца да нашых крыніцаў сыравіны. Найперш развіваць дрэваапрацоўку і сельскую гаспадарку”.

Асаблівую ўвагу Лукашэнка надаў пытанню сельскай гаспадаркі: “Што мне раілі гэтыя “разумнікі” ў канцы 1990-х, калі я за сельскую гаспадарку браўся адзін? Распусціць калгасы! Але менавіта я прапанаваў зрабіць на гэты сегмент ўпор. А гэта не лозунгі, гэта грошы. За пяць апошніх гадоў мы ўклалі 45 млрд долараў”.

Ён таксама патлумачыў, адкуль узялася новая назва ў сельскай мясцовасці – аграгарадкі: “Чаму я прапанаваў называць рэфармаваныя вёскі аграгарадкамі? Я хачу, каб людзі пазбавіліся ад комплексаў. Я памятаю, як сам прыехаў у інстытут. Крычалі: “Эй ты, дзярэўня!” Я памятаю, што было няёмка. Таму давайце нашых маладых людзей з вёскі пазбавім ад гэтых праблемаў”.

У сваім маналогу Лукашэнка спрабуе супакоіць журналістаў наконт крызіснай сітуацыі ў эканоміцы: “Грошай не хапае? Некалькі месяцаў – і мы выйдзем адсюль. Калі будзе катастрофа, закрыем мяжу, будзем купляць імпартнае. Але спадзяюся, што гэтага не здарыцца?” – заўважыў ён з запытальнаю інтанацыяй.

Прычына сённяшняй сітуацыі, паводле Аляксандра Лукашэнкі, наступная: “Усё б мы перажылі, калі б не гэтая спажывецкая паніка. Няма ніякага крызісу. За апошнія гады людзі набылі рэкордную колькасць тавараў”.

Лукашэнка працягвае адказваць на пастаўленае гадзіну таму пытанне. Ён не прызнае сваёй віны і віны ўладаў наагул у крызіснай сітуацыі ў краіне.

За час прамовы не абышлося і без сатырычных заўвагаў прэзідэнта, звычайных для ягоных выступаў. “У сельскай мясцовасці мы мусім хоць бы ўвечары даць людзям гарачую ваду. Каб даярка – маладая дзяўчына ці жанчына – чыстая да мужыка ў ложак клалася. Я працаваў у сельскай гаспадарцы. Я ўсё гэта бачыў”.

Наконт Нацыянальнай бібліятэкі, якою ўлады гэтак ганарацца, кіраўнік краіны сказаў: “Ну, змаглі пабудаваць гэтую так званую бібліятэку!”

belsat.eu

Стужка навінаў