Прысуд Дашкевічу і Лобаву пакінулі без зменаў


Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд лідару “Маладога фронту” Змітру Дашкевічу і актывісту гэтай арганізацыі Эдуарду Лобаву без зменаў, паведаміла намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка.

17 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе разглядалася касацыйная скарга на прысуд Дашкевічу і Лобаву. Маладыя людзі былі затрыманыя ў Менску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у двары жылога дому на вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта.

24 сакавіка суд Маскоўскага раёну асудзіў 29-гадовага Дашкевіча на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, 22-гадовага Лобава – на 4 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “асабліва злоснае хуліганства”.

Маладыя людзі сваёй віны не прызналі ды абскардзілі прысуд у касацыйным парадку. Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Дашкевіч выказаў упэўненасць, што ўсе, хто ілжыва сведчыў супраць яго, і тыя “нібыта пацярпелыя”, якія давалі паказанні ў судзе з суседняга пакою (паводле афіцыйнай версіі, суд змясціў іх туды з меркаванняў бяспекі), абавязкова будуць справядліва пакараныя. “Усе выдатна ведаюць, што я і Лобаў даўно займаемся палітычнаю дзейнасцю, і нападаць на кагосьці за дзень да выбараў, “падпалу Рэйхстагу”, нам было б вельмі нявыгадна”, – заявіў Дашкевіч. Лобаў падтрымаў Дашкевіча, дадаўшы, што гэта была “добра спланаваная правакацыя спецслужбаў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары