Беларускія студэнты не змогуць бясплатна вучыцца ў Швецыі ды Чэхіі


Год навучання ў шведскім універсітэце будзе каштаваць каля 10 тыс. долараў.

Платнай адукацыя зробіцца ўжо з наступнага навучальнага года. Тыя, хто паступіў раней, будуць атрымліваць яе бясплатна.

Гаворка пра гэта ідзе ў новай пастанове шведскага ўраду, якая датычыць студэнтаў з краінаў за межамі Еўрапейскага Звязу ці Еўрапейскай эканамічнай зоны.

«На жаль, фінансавы крызіс закранае і сферу адукацыі, таму бліжэйшым часам для замежнікаў адукацыя зробіцца платнаю не толькі ў Швецыі, але і ў Чэхіі, пра гэта не раз заяўляў урад краіны. Але застануцца стыпендыяльныя праграмы, каб замежныя студэнты маглі часткова кампенсаваць выдаткі на атрыманне вышэйшай адукацыі. У выпадку са Швецыяй большасць гэтых стыпендыяў будзе размяркоўвацца праз Шведскі інстытут», – распавёў перакладчык і каардынатар адукацыйных праграмаў у Беларусі Андрэ Бём.

Паводле суразмоўцы, вынікі маніторынгу паказалі, што самымі папулярнымі краінамі сярод беларускіх абітурыентаў ёсць Швецыя, Чэхія, Фінляндыя і Нямеччына, дзе засталося ўрадавае фінансаванне вышэйшай адукацыі.

У Швецыі цяпер існуюць каля 300 праграмаў вышэйшай адукацыі на англійскай мове. Ва ўніверсітэтах гэтай краіны навучаюцца каля 30 тыс. замежных студэнтаў. Штогод па візы ў амбасаду Швецыі ў Менску звяртаюцца каля 2 тыс. чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў