Сяргею Рыжову пагражаюць крымінальнаю справаю


Былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 16 чэрвеня прымусова даставілі ў Віцебскую абласную пракуратуру.

«Мяне схапілі міліцыянты, калі я выходзіў з паліклінікі, усадзілі ў прыватнае аўта і адвезлі да пракурора Алены Казловай», – распавёў «Белсату» Сяргей Рыжоў. Пракурор патрабавала, каб ён даў пісьмовыя тлумачэнні наконт бестэрміновага агульнанацыянальнага страйку. Распачаць яго Сяргей Рыжоў плануе 3 ліпеня і праз інтэрнэт заклікае беларусаў далучацца да акцыі.

Калі палітык адмовіўся ад тлумачэнняў, яго завялі ў кабінет да намесніка пракурора Віцебскай вобласці Рыгора Каранько. «Каранько стаў патрабаваць, каб я падпісаў афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства краіны. Але я і гэтага не стаў падпісваць. Тады ў кабінет у якасці панятых выклікалі працаўнікоў пракуратуры, якія засведчылі, што я быў афіцыйна папярэджаны», – гаворыць Сяргей Рыжоў.

У пракуратуры Сяргею Рыжову таксама паведамілі, што, калі ён не спыніць сваю «агітацыйную дзейнасць», супраць яго будуць ужытыя «больш сур’ёзныя захады»: «Мяне неафіцыйна папярэдзілі, што супраць мяне могуць пачаць крымінальную справу, па якой я і буду затрыманы. А вызваляць мяне толькі пасля 3 ліпеня».

Нягледзячы на пагрозы, Сяргей Рыжоў збіраецца ўзяць удзел у страйку: «Я папярэдзіў у пракуратуры, што 3 ліпеня абавязкова буду на плошчы разам са сваёй сям’ёй. Я не магу заставацца ўбаку, калі краіна і народ даведзены да крайнасці».

Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў Сяргей Рыжоў абвясціў пра сваё жаданне балатавацца, але сышоў з выбарчай гонкі за некалькі дзён да рэгістрацыі кандыдатаў. Паводле яго, ён мусіў зрабіць гэты крок, бо на чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы аказваўся ціск. Пазней Сяргея Рыжова звольнілі з працы нібыта за прагулы. Уладкавацца на працу ў Віцебску яму не ўдалося і дагэтуль.

belsat.eu

Стужка навінаў