Будаваць жытло будуць з дрэва


Аляксандр Лукашэнка загадаў мінімізаваць выдаткі на будаўніцтва.

Адбылося гэта 14 чэрвеня на сустрэчы з аграрыямі ў СПК «Азярыцкі-агра» Смалявіцкага раёну. Мясцовая гаспадарка доўгі час была на мяжы банкруцтва, аднак шэфства над ёй узяў буйны інвестар – «Белаграпрамбанк».

Паводле старшыні СПК «Азярыцкі-агра» Ніны Жалязновай, цяпер праца ідзе па шчыльным графіку. «Маем некалькі новых будынкаў на ферме, засвойваем новыя жывёлагадоўчыя і аграрныя тэхналогіі. Вось цяпер, напрыклад, гаспадарцы патрэбная сушыльня для гародніны», – пра гэта старшыня казала на сустрэчы і прэзідэнту.

Лукашэнка адразу выставіў патрабаванні зрабіць гэты праект максімальна танным, выкарыстоўваючы мясцовыя будаўнічыя матэрыялы. «Для нас цяпер самае важнае – не згарнуць будаўніцтва, – заявіў ён. – Таму цяпер, можа быць, Барыс Васільевіч [Батура, старшыня Менскага аблвыканкаму], зрабіць упор на дрэва. І зрабіць яго больш танным – амаль бясплатна».

Барыс Батура, які таксама быў на сустрэчы, паспрабаваў запярэчыць прэзідэнту. Але той і слухаць не хацеў. «Што такое бетон? – працягваў ён свой маналог. – Бетон – гэта метал, гэта цэмент і шчэбень, гэта дэфіцыт цяпер. У нас не стае пакуль. А вось дрэва пэўную колькасць мы можам амаль бясплатна даць для гэтых мэтаў».

Але цяпер рабіць з дрэва будуць не толькі гаспадарчыя прыбудовы ў сельскагаспадарчых арганізацыях. «У тым ліку і па будаўніцтву жытла гэта рабіць давядзецца», – падкрэсліў прэзідэнт.

«Белсат» папрасіў фермера Міхаіла Талая пракаментаваць такую ідэю. «Па-першае, у краіне ў звычайным рэжыме працуюць тры буйныя цэментныя прадпрыемствы. Пра іх стратнасць пакуль нічога афіцыйна не заяўлялі. Таму адкуль дэфіцыт – не зразумела. Па-другое, пабудовы з дрэва ў цывілізаваных краінах засталіся далёка ў мінулым. Праблемы будуць з правядзеннем камунікацыяў, з тэхнікаю бяспекі. Урэшце, гэта проста непрактычна ў эксплуатацыі», – адзначыў фермер.

Міхаіл Талай тлумачыць жаданне ўладаў зэканоміць цяжкаю фінансаваю сітуацыяй. «Даціраваць сельскую гаспадарку становіцца ўсё складаней. Для паспяховай працы трэба было гадоў дзесяць таму закласці прынцыпова рынкавыя ўмовы, тады сёння старшыні СПК не выпрошвалі б грошай на будаўніцтва прыбудоваў у райвыканкаме ці ў прэзідэнта. Бо калі тваю прадукцыю добра купляюць, ты маеш прыбытак. А калі ты ўсё жыццё пражыў на датацыях, то ты і не ведаеш, адкуль сапраўды бяруцца рэальныя грошы», – мяркуе фермер.

belsat.eu

Стужка навінаў