Патрабуйце таварны чэк


У выпадку, калі з-за перабояў у працы грамадскага транспарту вы не здолелі трапіць у месца прызначэння, вам абавязаныя кампенсаваць страты на праезд.

Падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», што прайшла ў Менску 15 чэрвеня, была часова абмежаваная праца метрапалітэну – станцыя «Кастрычніцкая» была зачыненая, цягнікі на ёй не спыняліся. «Чаму зачынілі станцыю дакладна не вядома, магчыма з-за мітынгу. Увогуле, гэтае рашэнне прымалі не мы, а УУС аховы Менскага метрапалітэну», – паведамілі «Белсату» ў кіраўніцтве Менскага метрапалітэну.

Дарэчы, працаўнікам метро ўчора давялося выслухаць шмат абуральных эпітэтаў на свой адрас ад незадаволеных пасажыраў. «Калі я заплаціла за праезд, але не магу трапіць на патрэбную мне станцыю з-за таго, што міліцыя вырашыла зладзіць вучэнні ў цэнтры Менску, то гэта як назваць? Я лічу, што мае правы як спажыўца былі парушаныя», – абураецца жыхарка сталіцы Ірына.

Але, як высветлілася, выйсце з такой сітуацыі ёсць. Пра яго працаўнікі метрапалітэну паведамляюць толькі найбольш настойлівым у абароне сваіх правоў. У касе метрапалітэну такім людзям учора выдавалі «таварны чэк на праезд у метро». Па ім можна бясплатна ў любы зручны для вас час праехаць у метро. «Калі людзі будуць пра гэта ведаць і карыстацца гэтым, мо гарадскія ўлады перастануць на загад міліцыі перакрываць метро без усялякай прычыны, бо гэта ім стане ў такую капейчыну», – дзеліцца досведам Ірына.

belsat.eu

Стужка навінаў