Чацвёрты апраўдальны прысуд


15 чэрвеня грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры дамаглася перагляду яшчэ адной крымінальнай справы. Асуджаны на 3 гады абмежавання свабоды Аляксей Камзолаў цалкам апраўданы.

Жыхар Бабруйску, студэнт БДУ Аляксей Камзолаў быў асуджаны ў красавіку 2008 г. паводле арт 328 ч. 1 Крымінальнага кодэксу – “незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў”. “На першы погляд пакаралі Аляксея не вельмі строга, да таго ж праз некаторы час ён трапіў пад амністыю”, – распавяла “Белсату” прадстаўніца ініцыятывы юрыст Тамара Сяргей.

Аднак і сам хлопец, і ягоная сям’я настойвалі на тым, што Аляксей асуджаны незаконна і беспадстаўна. Як вынік, яны дабіліся перагляду справы і перамаглі, гаворыць Тамара Сяргей.

Паводле юрыста, гэта ўжо чацвёртая перамога ініцыятывы за няпоўны месяц. 24 траўня Магілёўскі суд апраўдаў Уладзіміра Падзорава, асуджанага нібыта за распаўсюд наркотыкаў на 8 гадоў пазбаўлення волі (ён адседзеў у турме 4 гады і 1 месяц). 27 траўня Кастрычніцкі суд Менску перагледзеў справу і вынес апраўдальны прысуд Аляксандру Чараухіну, асуджанаму таксама за наркотыкі на 9 гадоў (адседзеў 4 гады і 5 дзён). 1 чэрвеня ў Нясвіжы быў цалкам апраўданы Аляксандр Булавін, асуджаны за забойства на 14 гадоў (адбыў у турме 8 гадоў і 8 месяцаў).

“У нашай краіне, на жаль, ратаванне тапельцаў – іхны ўласны клопат. Несправядліва асуджаныя не маюць надзеі ні на суд, ні на пракуратуру, бо гэта структуры несамастойныя. Усім нам трэба вучыцца адстойваць свае правы. Аднак дзеяць аднаму досыць складана, а ўсе разам мы можам шмат чаго дамагчыся, і вось нашыя перамогі – доказ гэтага”, – зазначае Тамара Сяргей.

belsat.eu

Стужка навінаў