Лідскі замак рамантуюць аўральнымі тэмпамі (відэа)


Рэстаўрацыю Лідскага замку, распачатую 34 гады таму, спадзяюцца закончыць перад “Дажынкамі”. Гараджане задаволеныя, што муры нарэшце пачалі аднаўляць, аднак нават неадмыслоўцаў непакоіць якасць будаўнічых працаў.

З 1976 г. рэстаўрацыя то набірала тэмп, то згасала. За гэты час двойчы падала адноўленая сцяна, потым яе адмыслова разбурылі, бо новазбудаваная частка была ў аварыйным стане. Вежу, якую пачалі рэстаўраваць, таксама мусілі часткова разбурыць. Усяго за месяц вырасла новая, якую засталося пакрыць дахоўкаю. Яе, паводле будаўнікоў, прывозяць з Аўстрыі.

Аднак якасць самой рэстаўрацыі можа аказацца значна горшаю за якасць прывазной дахоўкі. Нагадаем, вясною мясцовая раёнка адрапартавала, што ў Лідзе пачаўся рамонт замку. Да таго ж, калі на мурах завіхаліся будаўнікі, архітэктурны праект толькі праходзіў экспертызу…

Паводле інфармацыі Лідскага райвыканкаму, у адной з вежаў замку зробяць музей, у другой – кавярню і краму. Першы этап, які маюць завершыць да “Дажынак”, уключае ў сябе аднаўленне вонкавага выгляду замку. Да сярэдзіны верасня мусяць закончыць паўднёва-заходнюю вежу і заходнюю сцяну, абарончыя галерэі, пракласці інжынерныя сеткі.

Пасля свята будуць займацца падворкам ды інтэр’ерам вежаў. Закончыць рэстаўрацыю замку плануюць у 2012 г.

belsat.eu
03.09.2010
Фота belsat.eu

Стужка навінаў