Усіх затрыманых ўдзельнікаў маўклівага пратэсту адпусцілі


Затрыманыя падчас акцыі „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” 15 чэрвеня былі адпушчаныя без складання пратаколаў, паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

„Усе яны правялі ў аддзяленнях міліцыі розны час. У некаторых бралі адбіткі пальцаў. Усе затрыманыя па ўсёй рэспубліцы, паводле нашых звестак, былі адпушчаныя без складання пратаколаў. Прынамсі, мы не валодаем звесткамі пра тое, каб на кагосьці быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і дзе-небудзь праходзілі б суды над затрыманымі”, — дадае Лабковіч.

Учора, 15 чэрвеня, увечары па ўсёй краіне прайшлі акцыі маўклівай салідарнасці „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, у якіх удзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Самай шматлікай стала акцыя ў Менску. Паводле ацэнак назіральнікаў, у ёй прынялі ўдзел некалькі тысячаў чалавек, аднак афіцыйныя крыніцы паведамляюць пра 500 удзельнікаў.

Гэта ўжо другая акцыя, ініцыяваная групай актывістаў сацыяльных сетак „ВКонтакте” і Facebook. Першая прайшла 8 чэрвеня. Учорашняя акцыя была значна больш шматлікай, нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры і Міністэрства Унутраных Спраў, якія заклікалі грамадзян „не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях”, папярэдзіўшы аб магчымай адказнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў