Шматдзетныя сем’і баяцца застацца без крэдытаў


Ільготнае крэдытаванне на жыллё скарачаецца па ўсёй краіне.

Паводле рашэння ўправы “Беларусбанку”, крэдытаванне кліентаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, часова прыпыняецца. Крэдыты абяцаюць выдаць толькі тым, хто паспеў падпісаць дамову да 1 чэрвеня, а таксама для шматдзетных сем’яў і людзей, якія цалкам “адстаялі” ў жыллёвай чарзе. Чарга ў Менску, напрыклад, складае 23 гады, у Горадні – 6 гадоў, а ў Гомлі – 5 гадоў. Аднак шматдзетныя сем’і наракаюць на тое, што банкаўскія працаўнікі адмаўляюць у крэдыце і ім. Распавядае маці двух дзяцей Зоя П.: “У жніўні мы чакаем прыбаўленне ў сям’і. Але дакументы пачалі рыхтаваць загадзя, прыглядацца да новых кватэраў. На кансультацыі ў банку нам намякнулі, што мы можам ужо і не паспець атрымаць крэдыт. Ніякіх гарантыяў няма, наколькі яшчэ хопіць грошай. Калі мы сапраўды не паспеем, будаваць кватэру давядзецца ўжо пад 14 %”.

Афіцыйна “Беларусбанк” зняпраўджвае гэтую інфармацыю. “Для шматдзетных сем’яў захоўваецца крэдыт пад 5 % гадавых. Банк можа адмовіць толькі тым сем’ям, дзе агульны прыбытак на сям’ю перавышае 7 млн руб. У такім выпадку мы прапаноўваем кліентам крэдыт пад 14 %, але трэба разумець, што і ён – ільготны. Бо людзі з іншых катэгорыяў маюць права толькі на крэдыт па 21 % гадавых”.

Аднак працаўнікі банку яшчэ месяц таму афіцыйна адмаўлялі і спыненне выдачы крэдытаў пад 5 % для маладых сем’яў. На практыцы ж атрымалася, што людзям, якія падпісалі дамовы нават да 1 чэрвеня, цяпер крэдыту не афармляюць.

У прыватных размовах банкіры раяць паспяшацца тым, хто яшчэ мае правы і намер будаваць жыллё ільготна. “У ільготнага крэдытавання няма перспектываў. Гэтыя праграмы будуць згортвацца. Наступствы крызісу толькі паскораць гэты працэс”, – лічыць былая старшыня крэдытнага аддзелу “Беларусбанку” Наталля Папова.

belsat.eu

Стужка навінаў